Што будзе, калі Захад прызнае выбары

Праз тыдзень пасля вызвалення былы палітвязень Мікола Статкевіч кліча Севярынца, Лябедзьку і Някляева і абвяшчае пра новы план дзеянняў. Калі коратка, то апазіцыя будзе дамагацца непрызнання выбараў Захадам. Пры гэтым Мікалай Статкевіч папярэджвае — ён не спыніць барацьбы ні ў якім разе:

“Нават калі Захад прызнае выбары, то для нас застаецца працягваць барацьбу. Для нас галоўнае — унутраная легітымнасць. У мяне такое правіла ёсць — нават калі табе здраджваюць, ніколі сабе не здраджвай. Спыніць барацьбу значыла б здрадзіць сабе. А гэта самае страшэннае”.

Што прызнанне выбараў зменіць для беларусаў?

Дарэчы, з самім фактам прызнання ёсць праблема. Аказваецца, даволі цяжка вызначыць, прызналі вашы выбары свабоднымі, альбо не прызналі.

“АБСЕ не кажа, прызнала яна выбары, альбо не. У дакладзе гаворыцца, якія хібы былі, што адпавядала міжнародным стандартам, што не адпавядала. Але калі нават гэты даклад сёлета будзе лепшы за мінулыя, калі прызнаюць, што сёлета выбары адпавядалі міжнародным стандартам, то не думаю, што гэта неяк паўплывае на шараговага беларуса адразу — якім чынам?” — расказвае эксперт Беларускага інстытута сацыяльна-палітычных даследаванняў Андрэй Елісееў.

І насамрэч — якім? Нават пытанне спрашчэння візавага рэжыму ад празрыстасці выбараў не залежыць. Гэты працэс пачаўся ў 2011 годзе, калі гаварыць пра дэмакратызацыю ў Беларусі наўрад ці некаму магло прыйсці ў галаву.

Прызнаваць ці не прызнаваць вынікі выбараў, вырашае не АБСЕ, а кіруючыя органы Еўрасаюза ці ўрады асобных краін. Сімвалічным фактам прызнання вынікаў можа быць, напрыклад, віншаванне з перамогай, дасланае ад імя прэзідэнта альбо кіраўніка урада ці нават ад усяго народа.

Што будзе, калі Лукашэнку павіншуюць не толькі Пуцін з Назарбаевым?

Хутчэй за ўсё, з Беларусі здымуць санкцыі, кажа Андрэй Елісееў. Таму што іх уводзілі акурат пасля разгромных справаздач міжнародных назіральнікаў:

“Калі ў справаздачы АБСЕ будзе ісці гаворка пра тое, што выбары прэзідэнта Беларусі больш-менш адпавядаюць міжнародным стандартам, што ёсць значны прарыў наперад у параўнанні з мінулымі выбарамі — гэта моцна паўплывае на санкцыі. І прывядзе калі не да іх адмены, то да замарозкі. Бо адной з галоўных прычын, па якой санкцыі ўводзіліся, было парушэнне міжнародных выбарчых стандартаў”.

Праўда, санкцыі адменяць не да канца. Знікнуць з “чорных спісаў”, хутчэй за ўсё, няма шансаў у Шэймана, Паўлічэнкі, Сівакова і Навумава, якіх туды ўносілі за неналежнае расследаванне справы зніклых беларускіх палітыкаў.

Ці можа АБСЕ сёлета назваць беларускія выбары свабоднымі?

Эксперты і апазіцыянеры лічаць, што пакуль для гэтага падстаў няма. Прычыны тыя ж: недасканалае выбарчае заканадаўства, выкарыстанне адмінрэсурсу, аднабокае асвятленне кампаніі ў СМІ, якія пераважна ўхваляюць і піяраць дзейнага кіраўніка краіны.

У адказ на ўсё гэта можна ўзгадаць нядаўнюю гісторыю з пераабраннем казахскага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева, які набраў 97,7% галасоў, а АБСЕ пісала ў справаздачы пра “адсутнасць рэальнай канкурэнцыі”.

У адной з першых віншавальных тэлеграм, атрыманых Назарбаевым, гаварылася пра “цёплыя прывітанні народу Казахстана і добрыя пажаданні міру і дабрабыту краіне”. Даслаў яе Барак Абама.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі