Што Беларусь можа прадаваць у ЕС

“З пункту гледжання Беларусі, эканамічная частка партнёрства павінна быць флагманскай. Беларусь для ЕС ― прадказальны і стабільны партнёр. Мы гатовыя супрацоўнічаць. Мы збіраемся засяродзіцца на адкрытай эканоміцы”.

Старшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб заўважае Еўрарадыё, што такія выказванні намесніка міністра эканомікі носяць выключна агульны характар.

“Гэта даволі агульная заява, якая не нясе сэнсавай нагрузкі. Стандартная прамова беларускіх ўлад пра тое, што мы адкрытыя для ўсіх. Беларускім уладам хацелася б узаемадзейнічаць з усімі, але аднаго жадання для гэтага недастаткова, ― кажа Вадзім Іосуб. ― Каб трапіць на еўрапейскі рынак, мы мусім быць канкурэнтназдольнымі, адпавядаць формуле “кошт-якасць” і наша прадукцыя павінна адпавядаць еўрапейскім стандартам. Відавочна, што гэтыя ўмовы не выконваюцца з нашага боку, і калі яны будуць выконвацца — невядома”.

Вадзім Іосуб падкрэслівае, што для супрацоўніцтва з ЕС даўно ёсць зразумелы механізм, заснаваны на падпісанні шэрагу папераў, якія здымаюць мытныя і гандлёвыя абмежаванні.

“Пакуль нават пра намеры такога супрацоўніцтва гаворка не ідзе. Гэта хутчэй “хацелкі” беларускіх улад, чым рэальныя заявы. Хацелася б супрацоўнічаць, а што далей ― такое пытанне нават не ставіцца”, ― дадае эксперт.

Прафесар, доктар эканамічных навук факультэта эканомікі БДУ Сцяпан Палонік заўважае Еўрарадыё, што ў Беларусі ёсць усе перадумовы, а таксама неабходнасць супрацоўніцтва з Захадам.

“Гэта не проста словы, такія пытанні заўсёды прапрацоўваліся і кіраўніцтвам краіны, і ўрадам, ― сцвярджае прафесар Сцяпан Палонік. Ён заўважае, што нам выгадна працаваць з Захадам, але і з Усходам адносіны нам не разарваць. І не трэба.

“Бо ў нас гэтыя ўзаемаадносіны склаліся традыцыйна, і разарваць гэтыя сувязі ў крызіс ― шкодна для эканомікі. А вось з Захадам у нас былі адносіны, і яны працягваюцца”, ― кажа прафесар.

Сцяпан Палонік тлумачыць, што цяпер мы пастаўляем на Захад у асноўным сыравіну. А маглі б яшчэ пастаўляць туды малочную прадукцыю, мяса, мэблю, лён.

“У нас клімат добры, каб вырошчваць менавіта лён, а гэта выдатная культура, яе нідзе не вырошчваюць так, як у нас. Мяса можам завозіць, але ж у іх квоты на нашу прадукцыю”, ― сумна кажа Сцяпан Палонік.

На пытанне пра тое, ці зможам мы з нашым мясам канкураваць, эканаміст адзначае:

“Трэба распрацоўваць брэнды, каб набывалі наша”.

А вось машынабудаўнічую галіну прафесар на Захад не адпраўляў бы: "Што тычыцца машынабудаўніцтва, мы нешта пастаўляем, але вельмі маленькія партыі, бо неканкурэнтаздольныя. Патрэбная мадэрнізацыя гэтых галін”.

Цікава, што згодна з дадзенымі афіцыйнай статыстыкі, экспарт з краінамі, што не ўваходзяць у СНД, у Беларусі зніжаецца да ўзроўню 2010 года. За 2014 год Беларусь нагандлявала на 15 мільярдаў долараў ЗША. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі