Школьныя выпускныя падаражэлі — праз новыя правілы правядзення мерапрыемстваў

Выпускнікі

Выпускнікі / sb.by

Школьныя выпускныя сёлета прыкметна падаражэлі, піша рэсурс tochka.by. Гэта адбылося праз новыя правілы правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Праводзіць іх могуць толькі арганізацыі, унесеныя ў адпаведны рэестр Міністэрства культуры. Такіх кампаній у Беларусі ўсяго 45.

Калі летась бацькі маглі знайсці вядоўцу на свята за 500-600 долараў, то сёлета з іх просяць ужо ад 1000 долараў. Прычым у гэтую суму не ўваходзяць паслугі дыджэя, фатографа, а таксама атрыманне гастрольнага пасведчання. За яго вядоўца папрасіў дадаткова 1000 рублёў, расказаў адзін з бацькоў.

У выніку толькі за забаўляльную частку ў гэтай школе бацькі выпускнікоў павінны заплаціць прыкладна $2000. А ўсяго свята абыдзецца ў 10 000 долараў, або каля 220 долараў для кожнай сям'і.

Журналісты выдання патэлефанавалі некалькім вядоўцам, якія супрацоўнічаюць з арганізацыямі з рэестра. Свае паслугі з улікам атрымання гастрольнага пасведчання яны ацанілі ў суму каля 1300 долараў. У гэтую суму ўваходзяць гукавое і светлавое абсталяванне, праца дыджэя, вядоўцы, а таксама шоу-праграма.

Вядоўца таксама расказаў журналістам, што запытваць гастрольнае пасведчанне лепш загадзя — не пазней, чым за два тыдні да мерапрыемства: "У заяве ўсё канкрэтна распісваецца: якія песні будуць выконвацца, хто будзе працаваць, якія конкурсы плануюцца і гэтак далей. Плюс падаецца інфармацыя пра ўсіх задзейнічаных". Калі сярод удзельнікаў святочнай праграмы з'явіцца "забаронены" артыст, то "гастрольку" не выдадуць. "Таму трэба мець у запасе дастаткова часу, каб усё перарабіць і зноў падаць", — адзначыў вядоўца.

У Міністэрстве культуры журналістам патлумачылі, што афармленнем гастрольнага пасведчання павінны займацца не вядоўцы, а арганізатар. Арганізатарам у выпадку выпускных можа выступіць як школа, так і прыватная арганізацыя, уключаная ў рэестр Мінкульта. Таксама арганізатарам можа зрабіцца дзяржарганізацыя, вызваленая ад уключэння ў рэестр. Абсалютна дакладна не можа быць арганізатарам культурна-відовішчных мерапрыемстваў фізічная асоба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі