“Шэнген за 35 еўра, мільёны еўра ў бюджэт, апазіцыя — у парламенце”

“Шэнген за 35 еўра, мільёны еўра ў бюджэт, апазіцыя — у парламенце”

Візавыя санкцыі з беларускіх чыноўнікаў і эканамічныя з беларускіх кампаній знялі. Гаворка ідзе агулам пра 170 фізічных асобаў і тры кампаніі. Такое рашэнне падчас вечаровага пасяджэння 15 лютага прымае Савет Міністраў Еўрасаюза. Цікава, што ўводзілі санкцыі найперш за парушэнні выбарчага заканадаўства ўладамі Беларусі, а знялі нібыта за тое, што палітвязняў вызвалілі. Як так? Еўрадэпутат Андрэй Мамыкін распавядае падчас паседжання беларускага Прэс-клуба:

“Зняцце санкцый — гэта жэст добрай волі і палітычны знак Еўрасаюза на адрас Беларусі, што мы мусім рухацца ў бок інтэнсіфікацыі нашых адносінаў. Зняцце санкцый не азначае, што Беларусі ўсё прабачылі. Не, не прабачылі, але падалі руку сяброўства. З надзеяй на тое, што рэформы і паляпшэнне атмасферы агульнага фону будуць працягвацца”.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента ў Беларусі, дэпутат ад Польшчы Богдан Здраеўскі шчыра прызнаецца: калі б не эканамічныя складанасці ў Беларусі, не было б ніякага паляпшэння адносінаў.

Богдан Здраеўскі: “У мяне адчуванне, што калі б не складаная эканамічная сітуацыя ў Беларусі, то з боку Беларусі не было б той зацікаўленасці ў кантактах з Бруселем, якая ёсць сёння. Беларусі патрэбная дапамога, і яна шукае яе ў Маскве, Пекіне і Бруселі. Але Брусель ніколі не пагодзіцца на кампраміс у базавых каштоўнасцях. Мусіць быць выпраўленая сітуацыя з апазіцыяй, незалежнымі СМІ, недзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі. У іншым разе дапамогі ад Бруселя не будзе”.

Добра, будзем спадзявацца, што пасля зняцця санкцый у нас і “рэформы з паляпшэннем атмасферы агульнага фону” працягнуцца, і што Мінск вымушаны будзе выпраўляць “сітуацыю з апазіцыяй, незалежнымі СМІ, недзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі”, каб атрымаць фінансаваю дапамогу ад Бруселя. А што яшчэ гэты “жэст добрай волі” нам абяцае?

Андрэй Мамыкін упэўнены: ужо ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы зрушацца з месца палітычныя працэсы, “якія былі прыпыненыя ці нават цалкам замарожаныя”.

Андрэй Мамыкін: “Вам, шараговаму грамадзяніну Беларусі, каб прыехаць у госці да дэпутата Мамыкіна ў Брусель, неабходна заплаціць 60 еўра за візу. Гэта несправядліва, бо трэція краіны плацяць 35 еўра. Ці, да прыкладу, калі ў вас ёсць сваякі ці дзеці, якія хочуць навучацца ва ўніверсітэтах. У Еўракамісіі даўно падрыхтаваная выдатная праграма абмену студэнтамі. Я магу працягваць: гэта і праграма супрацоўніцтва, якая мае бюджэт у 80 мільёнаў еўра, і шмат яшчэ чаго”.

Што гэта за “шмат яшчэ чаго”, больш падрабязна тлумачыць беларускі эксперт Дзяніс Мельянцоў:

“Ёсць цэлы набор інструментаў, якімі Еўрасаюз можа дапамагчы Беларусі. Найперш гэта макраэканамічная дапамога, калі непасрэдна ідзе ўліванне ў бюджэт. Сумы невялікія, сотні мільёнаў еўра, але для Беларусі яны вельмі важныя ва ўмовах крызісу. Гэта доступ да інвестыцыйных механізмаў у дужках Палітыкі суседства. Гэта тэхнічная дапамога, якая ідзе па іншых каналах. Магчымасці таго ж Банка рэканструкцыі і развіцця, гэта слова, якое Еўрасаюз можа сказаць за Беларусь у МВФ. Калі ўсе гэтыя механізмы скласці разам, атрымліваецца дастаткова сур’ёзная сума, і калі Мінск будзе паводзіць сябе разумна, то можа сабе гэтую суму забюджэтаваць”.

Дзяніс Мельянцоў і Андрэй Ягораў

Калегу падтрымлівае Арсеній Сівіцкі:

“Мінск можа атрымаць доступ да фінансавых інструментаў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка — ужо ёсць планы размясціць там беларускія еўрабонды. Яшчэ магу назваць падтрымку з боку ЕС падчас перамоў па ўваходжанні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Важныя і магчымыя тэхнічныя кансультацыі па мадэрнізацыі эканомікі Беларусі”.

Беларускія эксперты не вераць, што зняцце санкцый паскорыць падпісанне, да прыкладу, адпаведнай дамовы з ЕС па змяншэнні кошту віз ці што неўзабаве запрацуе малы памежны рух з Польшчай і Літвой. І ўвогуле расчароўваюць: дождж з еўра на галовы беларусаў не пральецца ад прынятага ў Бруселі рашэння па санкцыях.

Праўда, еўрадэпутат Богдан Здраеўскі выказвае меркаванне, што гэтае рашэнне еўраміністраў можа дапамагчы беларускай апазіцыі трапіць ў парламент. Калі тая апазіцыя здолее правільна скарыстацца гэтай магчымасцю падчас сёлетніх парламенцкіх выбараў. Вось толькі польскі палітык так і не здолеў патлумачыць, як зняцце санкцый дапаможа апазіцыі ў барацьбе за дэпутацкія мандаты, калі выбарчае заканадаўства не змянілася. Толькі заўважае: “Важна, каб апазіцыя фармулявала свае мэты больш дакладна. І не чакала цуду з дня на дзень, бо гэтага цуду не будзе”. 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі