Сашурын: Не разумею, як Домрачава можа пакінуць дзіця, каб бегаць і страляць

Сашурын: Не разумею, як Домрачава можа пакінуць дзіця, каб бегаць і страляць

Вядомы беларускі біятланіст Вадзім Сашурын выказаў сваё  меркаванне пра тое, што знакамітая беларуская біятланістка, Герой Беларусі Дар'я Домрачава вырашыла вярнуцца ў гэтым сезоне ў спорт пасля нядаўняга нараджэння дачкі. Яе Ксюша нарадзілася 1 кастрычніка, а Дар'я ўжо працяглы час актыўна трэніруецца.

"Дар'я не першая спартсменка, якая не жадае доўгі час сядзець у дэкрэце, — распавядае Сашурын у інтэрв'ю газеце "Народная воля". — Тым больш, што яна лідар не толькі беларускага, але і сусветнага спорту. І без Домрачавай нашай камандзе прыйдзецца вельмі складана. Я ёй ад усёй душы зычу новых поспехаў у спорце, але, шчыра кажучы, па-чалавечы не разумею, як маці можа пакінуць такое маленькае дзіця на выхаванне іншым дзеля таго, каб зноў бегаць і страляць. Я сам у мінулым прафесійны біятланіст і ведаю, колькі трэніроўкі і спаборніцтвы патрабуюць часу. І я бацька траіх дзяцей, таму ведаю і пра тое, якой увагі патрабуюць дзеці ад бацькоў".

Вадзім Сашурын лічыць, што для жанчыны на першым месцы павінна быць сям'я. Яму падабаецца ўчынак нямецкай біятланісткі Магдалены Нойнер: прыйшла ў біятлон, стала суперзоркай і ў промнях славы прыгожа развіталася са спортам, каб займацца дзецьмі і сямейнымі справамі.

"Безумоўна, калі ў цябе нешта добра атрымліваецца, то трэба лавіць момант. Зрэшты, нікога вучыць не збіраюся, у кожнага свая галава на плячах. А Дар'і, безумоўна, поспехаў!", — кажа Сашурын.

Сашурын: Не разумею, як Домрачава можа пакінуць дзіця, каб бегаць і страляць
Фота: ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі