Санкцыі з Беларусі здымуць нягледзячы на просьбы з боку апазіцыі?

Санкцыі з Беларусі здымуць нягледзячы на просьбы з боку апазіцыі?

Пачатак бягучага тыдня ў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея выдаецца напружаным — сустрэча з еўрапейскімі дыпламатамі. Так, 9 лютага ён сустракаецца з палітычнымі дырэктарамі міністэрстваў замежных спраў краін Вышаградскай групы Іванам Естржабам з Чэхіі, Левентэ Бенкё з Венгрыі, Багумілай Ордык з Польшчы і Пэтэрам Мішыкам са Славакіі. У той жа дзень Макей прымае Генеральнага дырэктара па палітычных пытаннях МЗС Вялікабрытаніі Саймана Гаса. На наступны дзень, 10 лютага Уладзімір Макей сустракаецца з Генеральным сакратаром знешепалітычнай установы Аўстрыі Міхаэлем Лінхартам і прымае палітычнага дырэктара МЗС ФРГ Андрэаса Міхаэліса.

Здавалася, што тут асаблівага — звычайная праца кіраўніка МЗС. Калі б не два факты. Першы: ужо 15 лютага Савет міністраў ЕС агучыць рашэнне наконт санкцый у дачыненні да Беларусі — альбо працягнуць іх існаванне ў “замарожаным стане”, альбо зняць канчаткова, альбо вярнуць. І кансультацыі па гэтым пытанні менавіта ў гэтыя дні ідуць у Бруселі. А ў паведамленнях прэс-службы беларускага МЗС па выніку ўсіх пералічаных сустрэч адзначаецца: “Абмяркоўваліся перспектывы нармалізацыі адносінаў Беларусі з Еўрасаюзам”.

І другі факт: на цырымоніі адкрыцця амбасады Аўстрыі ў Беларусі генеральны сакратар па замежных справах гэтай краіны Міхаэль Лінхарт прызнаецца:

“Аўстрыя выступае за адмену санкцый у дачыненні да Беларусі. У гэтым сэнсе мы на баку Беларусі”.

Адзін ёсць. Ці агучвалі пазіцыю сваіх краін па гэтым пытанні іншыя ўдзельнікі сустрэч з Уладзімірам Макеем?

“Мы не раскрываем змест двухбаковых сустрэч — змест дыпламатычных перамоў мае як мінімум канфідэнцыйны характар”, — ухіляецца ад раскрыцця таямніц кіраўнік прэс-службы айчыннага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык.

Маўляў, калі замежныя госці захочуць, самі скажуць усё неабходнае журналістам. Вось толькі міністры з краін Вышаградскай групы ў сустрэчы карэспандэнту Еўрарадыё адмаўляюць. Нічога не казалі яны наконт пазіцыі сваіх краін адносна санкцый і падчас сустрэчы з лідарамі беларускай апазіцыі, распавядае лідар АГП Анатоль Лябедзька.

“Не агучвалі яны сваю пазіцыю, быў такі нейтралітэт. І толькі венгерскі прадстаўнік сказаў, што іх стан сённяшніх узаемаадносінаў Венгрыі з беларускім рэжымам задавальняе. Гэта можна трактаваць так, што Венгрыя таксама ўжо вызначылася са сваёй пазіцыяй — каб цяпер зняць санкцыі канчаткова”.

І прызнаецца: паводле яго “ўнутранага адчування” большасць будзе схіляцца да “прагматызму з улікам геапалітыкі”. Маецца на ўвазе, з улікам ролі Беларусі ў спробах урэгулявання ўкраінскага крызісу. Відаць, не вельмі прыемнае адчуванне з улікам таго, што за некалькі гадзін да гэтай сустрэчы лідары беларускай апазіцыі прымаюць сумесную заяву па пытанні санкцый. Там яны найперш заклікалі ЕС не адмяняць “візавыя і фінансавыя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і вярнуцца да разгляду гэтага пытання па выніках сёлетніх парламенцкіх выбараў”.

Толькі ў беларускага МЗС магчымасцяў працы з еўрапейскімі партнёрамі значна больш, чым у апазіцыі і таму, сцвярджае палітолаг Дзяніс Мельянцоў, праціўнікаў адмены санкцый у ЕС практычна не застаецца.

 

Санкцыі з Беларусі здымуць нягледзячы на просьбы з боку апазіцыі?

Дзяніс Мельянцоў: “Наколькі мне вядома, праблема на сённяшні дзень толькі са Швецыяй. Астатнія ўсе альбо пазітыўна ставяцца да зняцця санкцый, альбо ім па вялікім рахунку ўсё роўна. І таму яны гатовыя прагаласаваць так, як галасуе большасць, у абмен на нейкія там саступкі”.

 

Але ж вядома, што ўсе рашэнні ў Еўрасаюзе прымаюцца кансенсусам: калі хоць адна краіна выказваецца супраць, рашэнне не праходзіць. Толькі беларускія ўлады добра пра гэта ведаюць і менавіта таму ўжо не адзін месяц “апрацоўваюць” шведаў: статус дыпламатычнага прадстаўніцтва Швецыі павышаюць, шведскаму амбасадару ад імя кіраўніка Беларусі дораць кнігі Святланы Алексіевіч

Ці атрымаюць намаганні беларускага МЗС станоўчыя вынікі, будзе вядома ўжо 15 лютага.

 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі