Саліста гурта Botanic project затрымалі з гашышам і марыхуанай (фота)
На Кліма Малажавага пачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў.
Саліст гурта Botanic project Клім Малажавы стаў фігурантам крымінальнай справы аб незаконным абароце наркотыкаў.
Як піша kraj.by, увечары 27 ліпеня ў Маладзечне і каля вёскі Крыніца міліцыянты затрымалі трох музыкаў. У іх знайшлі каля 40 грамаў гашышу і каля 17 грамаў высушанай марыхуаны.
Начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Маладзечанскага РАУС Дзмітрый Сухоцкі паведаміў, што асноўным падазраваным па справе праходзіць 32-гадовы жыхар Маладзечна, заснавальнік вядомага музычнага гурта, які выконвае музыку ў стылі рэгі.
"Мы затрымалі музыку разам з яго аднагодкам, сябрам і калегам, у доме ў Залінейным мікрараёне. Там у сваёй знаёмай маладыя людзі палілі марыхуану", — распавёў Сухоцкі.
Трэці затрыманы — жыхар Мінска. Яго аўтамабіль "Мерсэдэс С200" міліцыянты спынілі па дарозе з Маладзечна ў Мінск каля вёскі Крыніца. Мінчук быў за рулём. Экспертыза высвятляе, ці быў ён у стане наркатычнага ап'янення.
Заснавальніка музычнага гурта затрымалі, двух яго сяброў адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Як высветліла Еўрарадыё, затрыманы музыка — гэта саліст гурта Botanic project Клім Малажавы. На акаўнце гурта ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" паведамляецца:
"Сябры, на жаль, лёс новага альбома і гурта ў цэлым на цяперашні момант пад вялікім пытаннем. Так здарылася, што ў сераду 27 ліпеня саліста гурта Botanic project Кліма Малажавага затрымалі, у дачыненні да яго была пачатая справа па артыкуле 328. У цяперашні час праводзяцца дасудовыя разбору, сувязі з Клімам няма. Пастараемся трымаць вас у курсе".
Максімальнае пакаранне за незаконны абарот наркотыкаў — да пяці гадоў абмежавання волі або ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі.