СААЗ прызнала ўспышку каранавіруса міжнароднай надзвычайнай сітуацыяй

СААЗ прызнала ўспышку каранавіруса міжнароднай надзвычайнай сітуацыяй

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) прызнала ўспышку каранавіруса ў Кітаі надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу. Гэта адбылося на фоне паведамленняў аб распаўсюдзе захворвання па ўсёй тэрыторыі Кітая. 

"Я абвяшчаю міжнародную надзвычайную сітуацыю ў галіне грамадскай аховы здароўя з-за глабальнай успышкі каранавіруса", — перадае Бі-Бі-Сі заяву гендырэктара СААЗ Тэдраса Адханома Гебрэйесуса.

Міжнароднымі надзвычайнымі сітуацыямі СААЗ лічыць "экстраардынарныя падзеі, якія будуць уяўляць рызыку ў галіне аховы здароўя іншым дзяржавам" і "патэнцыйна патрабуюць скаардынаваных дзеянняў міжнароднай супольнасці".

Пры гэтым арганізацыя не рэкамендуе краінам уводзіць абмежаванні на перамяшчэнне тавараў і людзей у сувязі з вірусам.

У СААЗ мяркуюць, што распаўсюд захворвання можна спыніць супольнымі намаганнямі: краіны свету павінны прыняць меры для раннага распазнавання віруса, ізаляцыі хворых і адсочвання іх кантактаў.

Нагадаем, што ў Еўропе выпадкі захворвання на каранавірус выяўленыя ў Францыі і Германіі. У Беларусі пацверджаных выпадкаў заражэння няма. 

У Кітаі ад каранавіруса памерлі ўжо 213 чалавек. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі