Са спісу неўязных у Еўрасаюз выключаная Ганна Шадрына

Як стала вядома Еўрарадыё, 29 траўня Савет ЕС скараціў на аднаго чалавека спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў. "Зняты ўсе абмежавальныя меры" ў дачыненні да былой намесніцы рэдактара газеты "СБ Беларусь Сегодня" Ганны Шадрыной.

На момант складання "чорнага спісу Еўрасаюза" Ганна Шадрына ўжо не працавала ў прэзідэнцкай газеце, адкуль сышла паводле ўласнага жадання. У выданні яна ўзначальвала аддзел культуры і лістоў. Вядома, што ў 2011 годзе яна мела перапіску са структурамі Еўрасаюза, бо была не згодная з фармулёўкамі, праз якія яна апынулася ў спісах. Тады ліставанне было завершанае нічым.

Аспрэчваць у судзе рашэнне Еўрасаюза Ганна не стала. Гэтыя два гады яна займалася гендарнымі даследаваннямі і напісала кнігу  "Не замужам: секс, каханне і сям'я па-за межамі шлюбу".

У тым жа афіцыйным выданні Еўрасаюза паведамляецца, што зняты абмежаванні з дзвюх беларускіх кампаній — спіртагарэлкавага завода "Аквадзіў" (прадпрыемства падпала пад санкцыі 23 сакавіка 2012 года) і "Спорт-пары" (у чэрвені 2011 года).

Паводле слоў Маі Качыянчыч, прэс-сакратаркі Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, гэта рашэнне было прынятае без дыскусіі, бо ўсе краіны-сябры ЕС і так былі згодны па беларускім пытанні.


Еўрарадыё: Чаму міністры вырашылі выключыць з "чорнага спісу" адну асобу і дзве кампаніі?


Мая Качыянчыч: Савет ЕС сістэматычна пераглядае заканадаўчыя акты, у якіх ідзе гаворка пра захады ў адносінах да беларускіх функцыянераў і кампаній. Цяпер было вырашана, што больш няма падставаў для таго, каб гэтыя два прадпрыемствы і адзін чалавек заставаліся пад дзеяннем санкцый. Гэта рашэнне было прынята ў межах нашай агульнай палітыкі. Важна падкрэсліць, што гэтыя змены ў чорных спісах не азначаюць зменаў у палітыцы ў адносінах да Беларусі.


Еўрарадыё: А што паўплывала на такое рашэнне Савета?


Мая Качыянчыч: Я магу сказаць толькі тое, што Савет ЕС так вырашыў, што больш няма падставаў.


Еўрарадыё: А чаму беларускае пытанне не было ўключана ў афіцыйны парадак дня сустрэчы міністраў?


Мая Качыянчыч: Рэч у тым, што звычайна мы публікуем распарадак абмеркавання пытанняў, па якіх міністры яшчэ не згодныя і будуць дыскутаваць. Гэта пытанні, якія патрабуюць сур'ёзнай палітычнай дыскусіі. Але падчас кожнага Савета міністры прымаюць шмат рашэнняў і без абмеркаванняў. Яны тычацца непраблемных пытанняў, па якіх краіны і так згодныя. Савет проста фармальна іх зацвярджае, а рыхтуюцца яны за некалькі тыдняў да сустрэч міністраў.

Нагадаем, палітычнае рашэнне пра візавыя і эканамічныя санкцыі ў адносінах да Беларусі было прынятае Саветам ЕС 31 студзеня 2011 года ў Брусэлі, калі міністры замежных спраў Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза павінны быць замарожаныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі