Рух аўтатранспарту ў "Дамачаве" часова спынены з-за аварыйнага моста

Рух аўтатранспарту ў "Дамачаве" часова спынены з-за аварыйнага моста

Беларусь часова забароніла аўтамабільны рух праз пункт пропуску "Дамачава" на беларуска-польскай мяжы. Адпаведнае рашэнне прынятае пастановай Савета міністраў N491 ад 24 чэрвеня 2016 года.

"Дадзеная мера прынятая ў сувязі з аварыйным станам аўтамабільнага моста праз раку Заходні Буг у пункце пропуску", — цытуе interfax.by тлумачэнне Саўміна.

Урад даручыў Мінтрансу абмежаваць рух праз названы мост не раней чым праз 24 гадзіны пасля таго, як ад МЗС будзе атрыманае апавяшчэнне, што польскі бок праінфармаваны аб прынятых мерах.

Міністэрства транспарту павінна правесці рамонт моста. Пасля абследавання эксперты мусяць выдаць рэкамендацыі аб прапускной здольнасці і рэжыме пропуску транспартных сродкаў. Гэтыя работы павінныя завяршыцца да 1 кастрычніка 2016 года.

Таксама Мінтранс павінен падаць прапановы наконт часовага аднаўлення аўтаруху праз мяжу ў пункце пропуску "Дамачава" да рэканструкцыі моста.

Рэканструкцыя запланаваная на 2017 год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі