Злётаць “дзікуном” на Пальма-дэ-Маёрку з Мінска будзе праблемна

Абяцаннем адкрыць новыя авіямаршруты парадавала напярэдадні сезона адпачынку “Белавія”. Зараз, каб паляцець на грэчаскія выспы Кос і Закінтос, у Араксас ці сіцылійскую Катанію, на іспанскую Пальма-дэ-Маёрку ды ў Ціват, што ў Чарнагорыі, няма патрэбы ехаць у аэрапорты Вільні ці Варшавы тое ж можна будзе зрабіць з Мінску.

Але па якім кошце, цікавіцца Еўрарадыё ў намесніка Генеральнага дырэктара айчыннага авіяперавозчыка Ігара Чаргінца. І не атрымлівае адказу!

Ігар Чаргінец: “Гэта чартарны рэйс. Адрозненне звычайнага рэйса ад чартарнага ў тым, што ён замаўляецца заказчыкам, звычайна гэта тураператар. Мы яму выдаём кошт чартарнага рэйсу за ўвесь самалёт, а па якім кошце ён прадае месца гэта ўжо яго справа”.




Тураператару, папярэджвае Чаргінец, прадаваць “пустыя” квіткі на рэйс сэнсу няма – толькі ў дадатак да нейкага экскурсійнага тура ці адпачынку ў гатэлі. Разам з усімі іншымі дадатковымі паслугамі – харчаваннем, пражываннем, аўтобусам…

Набыць “чартарны” квіток, да прыкладу, на Пальма-дэ-Маёрку можна, супакойваюць Еўрарадыё ў турыстычнай кампаніі, якая і замовіла ў “Белавія” такі чартар. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі ад турыстычна-экскурсійных пасажыраў застануцца вольныя месцы.

Турфірма: “Зараз ідзе ранняе браніраванне пад туры квіткі мы пачынаем прадаваць толькі з сярэдзіна красавіка, калі ў нас будзе выстава. Толькі тады можна будзе набыць. Пры наяўнасці квіткоў, канешне”.




Усе месцы ў самалёце на рэйс 13 чэрвеня занятыя тымі, хто набыў туры. На пазнейшыя даты пакуль па некалькі вольных месцаў ёсць, але на тое, што яны застануцца да дня вылету, суразмоўца Еўрарадыё раіць турыстам-дзікунам асабліва не спадзявацца.

Тым не менш, называе лічбу, за якую квіток на Пальма-дэ-Маёрку можна будзе набыць шчасліўцу 420 еўра ў два бакі.

Еўрарадыё цікавіцца: за колькі можна злётаць на гэты іспанскі курорт з Каўнаса? Авіякампанія RyanAir прапануе нам зараз набыць квіткі ў абодва бакі ў чэрвені за 726 літаў. Сёння гэта крыху больш за 200 еўра. Прычым, тут ты сам выбіраеш дату вылету, а не падладжваешся пад турыстычны чартар.

Такая ж сітуацыя з коштам чартараў і ў іншых накірунках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі