Жыхарка спаленай вёскі: Першы раз Паўлавічы знішчалі яшчэ ў 1992 годзе

Жыхарка спаленай вёскі расказала, што дваццаць гадоў таму яе сям’я атрымала за свой дом кватэру ў горадзе. Але віцебскія ўлады ў 1992 годзе вёску зносіць перадумалі, чым скарысталіся былыя жыхары і ўхітрыліся выкупіць свае дамы. Нейкі час ім нават прапаноўвалі вярнуцца ў Паўлавічы абсалютна легальна, аддаўшы гораду кватэры. Паўлавічы ўлады знішчылі толькі ў 2012 годзе, даўшы людзям на зборы адзін дзень.

Еўрарадыё: Колькі гадоў вы пражылі ў Паўлавічах?

Алена Каравіна: Я з самага нараджэння жыла ў Паўлавічах. У маім дзяцінстве там было 34 дамы. Ва ўсіх жылі людзі і вядома, што будынкі дагледжаныя былі, сады шыкоўныя ва ўсіх, гаспадарка… І вось у 1992 годзе гарадскія ўлады раптам вырашылі будаваць там ЦЭЦ, і вёску пачалі зносіць. Жыллё ў горадзе вяскоўцам давалі, кватэры.

Еўрарадыё: Як выглядалі кампенсацыі?

Алена Каравіна: Кватэры часта не адпавядалі дамам. Кампенсацыі атрымалі добра калі 5-6 чалавек з усёй вёскі. Гэта за ўсе будынкі, за сады. У вёсцы былі вельмі вялікія дамы. Шмат пакояў у іх. А ўзамен за такі дом давалі двухпакаёвую кватэру. А ў людзей сем’і, дзеці разнаполыя. Маёй сям’і далі кватэру, але ніякай кампенсацыі: за гаспадарку, дрэвы, пабудовы — мы не атрымалі. Ні склепа нейкага, ні гаража. Дзед мой прасіў хоць склеп. Але нічога нам не далі — толькі кватэру і ўсё. Уявіце, як гэта з вёскі з усім дабром пераехаць у маленькую кватэру.

Тады, у 1992 годзе, нам толькі дазволілі датрымаць скаціну да вясны. У людзей жа свінні, козы, каровы. Вёска была багатая.

Еўрарадыё: То бок Паўлавічы зносілі двойчы?

Алена Каравіна: Так. Пасля першага зносу ў вёсцы засталося 10 дамоў. Фінансаванне ў іх скончылася, альбо нейкая іншая прычына была… ЦЭЦ будаваць перадумалі і рэшту вёскі пакінулі. Людзі, якія раней жылі ў Паўлавічах і чые дамы ацалелі, пайшлі ва Упраўленне камунальнага будаўніцтва Віцебска. І нам прадалі нашыя дамы. Мы пацікавіліся, ці папярэдзяць нас аб зносе. Паабяцалі папярэдзіць за месяц. І сказалі: вы там можаце жыць, там не будзе ніякага будаўніцтва.

Еўрарадыё: Атрымоўваецца, што вы ўвесь гэты час жылі ў вёсцы, якой не існуе.

Алена Каравіна: Так. З 1992 года Паўлавічы нідзе не фігуравалі, ні ў якіх дакументах. А ў 1993 годзе суседні Ноўкінскі сельсавет пачынае раздаваць там зямлю. Яны прынялі рашэнне і далі нам дакументы. Маўляў, зямля ваша, карыстайцеся.

І людзі жылі ў гэтых 10 дамах, якія выкупілі. Стараліся даведацца, ці можна нам аформіць гэтыя дамы. Там жа была праведзеная электрычнасць, за якую мы ўсе плацілі, газ нам прывозілі ў балонах — усе мелі свае адмысловыя нумары. Хуткую дапамогу выклікаеш у Паўлавічы — яна прыязджае. У паліклініцы ўсе мы былі зарэгістраваныя. Ды і міліцыя нават прыязджала — усе ведалі пра тое, што ў Паўлавічах жывуць людзі.

Еўрарадыё: Як рэагавалі ўлады на вашы спробы “легалізавацца”? І чым тлумачылі адмову?

Алена Каравіна: Мы падалі дакументы на афармленне. Даведкі доўга ўсе збіралі, УДБ адмаўлялася даваць дазвол, бо там добра разумелі, што за вёску шмат што атрымана ў горадзе, і невядома яшчэ, ці ўсё было законна зроблена… Разумееце, мы хацелі даведацца: нам выплацяць кампенсацыю за гаспадарку альбо дазволяць выкупіць дамы і пабудовы і жыць там? Але адказу так і не атрымалі.

Адзін час прапаноўвалі нам вярнуцца ўсім у вёску, але аддаць гораду атрыманыя кватэры. Калі людзі запыталіся, ці адмовяцца ад планаў зносу вёскі ў такім выпадку — гарантый гэтага ніхто не даў.

Еўрарадыё: А як пачыналася гісторыя са спаленнем Паўлавічаў?

Алена Каравіна: Увосень з’явілася інфармацыя, што вёску будуць зносіць увесну. Раней і гарвыканкам, і райвыканкам нібыта нават пагаджаліся аформіць нас. Збіраліся назву вёсцы вяртаць, назвы вуліцаў, нумары дамоў. Але раптам усё змянілася, вырашылі ўвесну зносіць нас. Пачалі хмызнякі выразаць. Жыхары зразумелі, што рыхтуецца знос вёскі, і паспрабавалі даведацца — калі. Нам жа час патрэбны, каб вывезці маёмасць, падрыхтавацца, прадаць нешта. У людзей жа за 20 гадоў гаспадарка з’явілася ізноў — каровы, свінні. Вось літаральна сёння дзед адзін апошніх сваіх козаў адтуль ратаваў.

Першы дом зносілі першага снежня. Разбурылі і спалілі. Людзі там не жылі. Яны набылі яго, каб перавезці, самі не з Віцебска… Мы ў рабочых пачалі цікавіцца, калі будуць іншыя дамы бурыць. Нам ізноў кажуць: увесну вас знясуць. Але ўвечары гэтага ж дня, ужо цёмна было, аб’ехалі ўсе дамы і аб’явілі, што а 10-й гадзіне заўтра будзе сход. На ім заявілі: маеце двое сутак.

Еўрарадыё: Якой была ваша рэакцыя? Вывезці ўсю маёмасць за такі час складана.

Алена Каравіна: Мы сказалі чыноўнікам, што гэта нерэальна — вывезці за два дні тое, што назбіралася за 20 гадоў. Але пазней аказалася, што нават гэтага часу мы не мелі. Усё трэба было прыбраць за нядзелю. Паабяцалі памяшканні — склады — для маёмасці. Але яны ж не ацяпляюцца. А ў людзей мэбля, тэхніка. Гэта ўсё некуды трэба дзець.

Еўрарадыё: А што ў вас было з маёмасці на момант знішчэння Паўлавічаў? Ці ўсё ўдалося ўратаваць?

Алена Каравіна: Мы паспелі вывезці амаль усё. Толькі дробязь нейкая заставалася. Посуд там, відэльцы, лыжкі. Мэблю, тэлевізар, лядоўню мы паспелі вывезці. Разумееце, мы не былі супраць таго, каб вёску зносілі. Мы ж ведалі, што гэта некалі адбудзецца. Мы толькі прасілі час, каб вывезці рэчы. Нам абяцалі месяц, а далі адзін дзень.

Дзякуй хоць за тое, што дапамаглі вывезці рэчы. Давалі транспарт, людзей. Але ўсё ж не вывезеш. У нас быў хлеў цагляны. Яго не вывезеш ніяк.

Еўрарадыё: Як зараз выглядае вёска? Там нешта яшчэ засталося?

Алена Каравіна: Усё спалена. Печы толькі стаяць. Але і іх разбураць, зраўняюць усё — і не будзе там нічога абсалютна.

Еўрарадыё: Дзе вы зараз жывеце? Куды рэчы перавезлі?

Алена Каравіна: Куды атрымалася, туды і вазілі: што ў кватэру, атрыманую некалі і ў якой зараз мая маці жыве, што па знаёмых. Уладкавалі ўсё. Я жыву са стрыечнай бабуляй. Бабуля мая да мамы пераехала ў горад.

Атрымалася так, што нам не выплацілі кампенсацыі за дамы, якія знеслі. Мы ж іх выкупілі, а зараз не паспелі вывезці — і іх знішчылі. Рыхтуем калектыўную заяву ў суд. Хочам, каб нам выплацілі кампенсацыю за маёмасць.

Еўрарадыё: Чаму Паўлавічы так імгненна знішчылі? Што вы думаеце аб прычынах такога рашэння?

Алена Каравіна: Можна толькі здагадвацца. Мы не ведаем нічога зусім. Гавораць, што нібыта нейкі гарбарны завод будуць будаваць. Але гэта ж хімічная прамысловасць. А на адлегласці ў сто метраў малаказавод і мясакамбінат. Ніхто ж не дасць дазволу на будаўніцтва… Магчыма, правядуць аўкцыён і прададуць некаму ўчасткі. Усё можа быць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі