Жыхар Бостана: Пасля выбухаў не было панікі

Еўрарадыё: Як вы даведаліся пра выбухі?

Дзмітрый: Я працую ў самым высокім будынку Бостана. Гэта недалёка ад лініі фінішу марафона. У абед я там шпацыраваў, выходзіў паглядзець на забег. Мае вокны на 30 паверсе. Пачуў два выбухі і пабег глядзець, што адбылося. Пабачыў, як вывозяць параненых. Было шмат паліцыі, шмат медыкаў. Параненых вывезлі за некалькі хвілін. Шум працягваўся толькі некалькі хвілін, але мы не выходзілі з будынка нейкі час каб даць людзям магчымасць разысціся.

Еўрарадыё: Што адбывалася ў горадзе на працягу першых гадзін пасля выбуху? Якой была рэакцыя ўладаў?

Дзмітрый: Цэнтр ачапілі падчас марафона, ён праходзіць праз цэнтр горада. Таму ён і так быў пад наглядам паліцэйскіх, не паўсюль можна было прайсці… Было зразумела, што нешта адбылося. Было вельмі шмат валанцёраў, якія дапамагалі паліцыі. Месца, дзе стаялі гледачы, было абнесенае агароджай. Яе трэба было разбіраць пасля выбуху. Валанцёры дапамагалі гэта рабіць.

Еўрарадыё: Сёння стала вядома, што ў марафоне ўдзельнічалі грамадзянкі Беларусі. Ці з’явілася ўжо інфармацыя пра пацярпелых?

Дзмітрый: Учора яе не было. Паведамлялі толькі пра колькасць пацярпелых. Цяпер у Бостане ранак. Магчыма, крыху пазней з’явіцца больш падрабязная інфармацыя пра імёны і прозвішчы тых, хто пацярпеў ад выбухаў.

Еўрарадыё: Што цяпер адбываецца ў Бостане?

Дзмітрый: Рух грамадскага транспарту адноўлены. Яшчэ ўчора вечарам гэта зрабілі. Закрытая толькі станцыя метро, размешчаная непасрэдна каля месца выбухаў. Яна ачэпленая. Учора людзі разыходзіліся з цэнтра пешшу, да бліжэйшых адкрытых станцый і ехалі дадому. Сёння пакуль сітуацыя такая ж. У будынак, дзе я працую, можна трапіць. Праходы да яго адкрытыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі