Заробак кантралёра — гэта штрафы і рапарты на вадзіцеляў і кандуктараў

121206_savich_kontra.mp3

Ледзь не ўсе апытаныя кантралёры Мінска расказваюць Еўрарадыё пра ўмовы сваёй працы толькі на ананімна:

“Калі я вам скажу сваё прозвішча, мае ўмовы працы яшчэ больш пагоршацца. Не магу сказаць, што нас за гэта дэпрэміруюць, але нервы. Нават сёння ўжо парушальнікі ўспаміналі Наваполацк і казалі, што гэтак правільна рабіць. Звольніцца не магу, бо трымаюся за заробак”;

“Калі возьмеш парушальніка за руку, дык ён проста можа пайсці ўдарыць гэтай рукой аб слуп і наставіць сабе сінякоў, а потым пойдзе здымаць збіццё. І ўвесь аўтобус скажа, што я яго ўхапіла за руку”.

У сталіцы кантралёрамі працуюць і мужчыны, і жанчыны, а вось у глыбінцы на “зайцаў” палююць жанчыны.

“Калі шчыра, на мой погляд, жанчыны лепш працуюць. Яны больш скурпулёзныя, а мужчыны — самі разумееце. Мужчыны кантралёрамі па нейкіх сваіх заключэннях не хочуць працаваць”, — гаворыць дырэктар кантрольна-рэвізорскай службы з Баранавічаў Андрэй Тарасюк.

Сярод кантралёраў амаль нельга сустрэць моладзь, часцей  гэта людзі з вялікім вопытам працы ці нават пенсіянеры.

“У нас тут многа тых, хто і па 20 гадоў прапрацавалі, хто на пенсіі. Мы ж пенсіянеры, куды нас яшчэ возьмуць?” — кажа сталічны кантралёр Святлана Фёдараўна.

“Заробак залежыць ад квітанцый і штрафаў”


Сярэдні заробак кантралёра ў Баранавічах — каля 3 мільёнаў, у сталіцы дацягвае да 4-5 мільёнаў рублёў. А вось кантралёр Наталля з Лунінца ў мінулым месяцы атрымала… 1,5 мільёна:

“Наш заробак — гэта вашыя квітанцыі па штрафах, а таксама рапарты на кандуктара, што той без бэйджыка, ці размаўляе па тэлефоне, ці правозіць знаёмых бясплатна, ці перапрадае талончыкі, што ў салоне аўтобуса не хапае пераліку абавязкаў і правоў пасажыраў, што вадзіцель ад’ехаў ад прыпынку не ў час, што праехаў прыпынак і спыніўся ад прыпынку больш як за метр, нават што курыць у кабіне на працоўным месцы!”

За кожную квітанцыю ці рапарт плацяць ад 14 да 20 тысяч рублёў.

Часцей за ўсё кантралёры скардзяцца на тое, што яны не маюць ніякіх сродкаў абароны ад пасажыраў. Як даведалася Еўрарадыё, сталічныя кантралёры запісваюць размовы на тэлефон. Але і гэты спосаб, на думку Наталлі з Лунінца, не вельмі добры:

“Я спыталася неяк у пракурора на вучобе, ці маю я права ездзіць з дыктафонам. Сказалі, можна, але зноў жа — як даказаць, што гэта той чалавек на дыктафоне? Яны ж адмаўляюцца”.

Кантралёраў часта абвінавачваюць у тым, што яны чапляюцца да звычайных людзей, а вось п’яных абыходзяць бокам.

“Калі сядзіць мужчына пад 120 кілаграм, п'яны і маша рукамі, сапраўды боязна да яго падыходзіць. Толькі здалёк заўвагу зробіш... Просіш пасажыраў дапамагчы, але яны адварочваюцца”.


Нават міліцыя ў гэтым выпадку не дапамога.

“Высадзіш парушальніка на прыпынак да прыезду міліцыі, але ў большасці выпадкаў на прыпынку яго ніяк не ўтрымаеш да міліцыі. Іншым разам вадзіцель зачыніць дзверы і дацягне да дыспетчарскай, але там у большасці выпадкаў яго зноў жа адпускаюць”.


Год ад года працаваць на месцы кантралёра становіцца ўсё цяжэй, бо нават “свае” — кандуктар ці вадзіцель — не стануць на бок кантралёра – іх жа таксама правяраюць.

Кантралёр Наталля з Лунінца прыйшла на працу чатыры гады таму, і ёй спачатку праца… падабалася.

“Вадзіцель, як я толькі прыйшла, спытаўся: “Як цябе муж адпусціў на гэтую працу? А я нават не зразумела, пра што ён! Думала, ці не раўнуе мяне муж да вадзіцеляў, бо тут мужчынскі калектыў. А потым як пачаліся гэтыя ўсё пратаколы…  Зараз, калі па шчырасці, шукаю іншую працу. Бо без дыязэпама (заспакаяльны медпрэпарат. — заўв. Еўрарадыё) на працу не выходжу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі