Закупіўшыся алеем у сакавіку, беларусы маглі зэканоміць паўмільёна!

24 траўня ў краіне адбылася першая афіцыйная дэвальвацыя. Але яшчэ да яе беларусы пачалі змятаць з крамаў розныя прадукты. Пераважна — цукар ды алей.

“Усё, што паступае на прылаўкі, людзі проста змятаюць. Меры мы прымалі, і сёння меры прымаем. Вагоны ўначы адпраўленыя з цукровых заводаў. На працягу 3-4 дзён мы павінны пагасіць гэты ажыятажны попыт", — скардзіліся ва ўпраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.


Але ці тое, што скуплялі, падаражала больш за ўсё?


Сапраўды, з усіх прадуктаў харчавання больш за ўсё падаражаў алей! Такія лічбы дае і Белстат. За алеем ідзе рыба. На жаль, назапашваць рыбу — не вельмі добрая ідэя… Але можна было купляць і рыбныя кансервы, яны таксама добра падаражалі. Выйгралі і тыя, хто закупіўся алкаголем ды цыгарэтамі…


Белстат: “Рыба — 265%, кансервы рыбныя — 266%, алей — 270%, цукар — 235%, кандытарскія вырабы — 244%, гарбата — 248%, садавіна — 251%, алкаголь — 225%, тытунёвыя вырабы — 228%”, — індэксы цэнаў у лістападзе да снежня 2010 года.


Да падаражання алей каштаваў па 7 тысяч за літр. Цяпер — больш за 20 тысяч… Купіўшы 10 літраў алею, можна было зэканоміць ажно 140 тысяч! А набыўшы тры дзясяткі літраў — ажно 420! Ужо нямала…


Цукар сёння каштуе 7 тысяч. Яшчэ ў студзені кілаграм цукру каштаваў амаль тры тысячы. Купіўшы ўсяго 10 кілаграмаў цукру, вы б зэканомілі… каля 40 тысяч! Некаторыя найбольш спрытныя закупляліся дзясяткамі(!) кілаграмаў — 120 тысяч эканоміі за тры дзесяткі.


Еўрарадыё запытала людзей на вуліцы, што, на іх думку, падаражала больш за ўсё.


— Хлеб, малочныя прадукты вельмі падаражалі…
— Гарбата, кава, каўбасы…
— Натуральна, што хлеб і малако.
— Кісламалочныя і малочныя прадукты падаражалі.
— Вельмі падаражала мяса!


На самой жа справе хлеб падаражаў усяго ў 1,5 разы, амаль так жа выраслі цэны на малако. А вось мяса сапраўды ў ліку тых прадуктаў, што падаражалі найбольш, — цэны за год выраслі ў 2,5 разы.


Дарэчы, да Новага года, нарэшце, цэны “спыніліся”. Паводле Белстату ў лістападзе інфляцыя была 8,1%. А за мінулыя дні снежня — увогуле ўсяго 1,7%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі