За 2 месяцы кот Вася набраў 90 тысяч

"Той корм, які мы набывалі за 70 тысяч, цяпер каштуе 250. Гэта 10 кілаграмаў, мы набывалі "Дарлінг", — распавядае пра густы свайго ката Васі лідар гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч.

Пры гэтым Вася крызісу не заўважыў. Харчуецца як і раней, кажа вакаліст. Пакунку ў 10 кілаграмаў кату музыканта хапае на пару месяцаў. То бок за месяц Вася "з'ядае" 125 тысяч, а раней "з'ядаў" толькі 35. Значыць утрыманне ката падаражэла на 90 тысяч.


Апроч Васі, у Аляксандра жывуць пацукі Рыся і Маруся і тры слімакі, на якіх таксама крызіс не паўплываў.

А вось сабака паэта Леаніда Дранько-Майсюка паўдзельнічаў у акцыі "маўклівага пратэсту" 15 чэрвеня. Праўда, французскі бульдог Хомка пайшоў туды не праз пратэстны настрой.

"Мяркую, што ўдзел быў нечаканы. Наш дом знаходзіцца ў эпіцэнтры падзеяў. Дзве акцыі супалі: акцыя "маўклівага пратэсту" і акцыя вечаровага шпацыру Хомкі".

Аднак для гаспадароў Хомкі крызіс не застаўся незаўважным.

"Выраслі кошты на сухі корм. Наш Хомка любіць сухі корм. Недзе месяц таму старыя запасы скончыліся і мы мусілі купіць мех корму "Hills". Цана на яго была большая ў тры разы за папярэднюю".
 
Сам жа сабака да крызісу ставіцца па-філасофску, як і наогул да жыцця, сцвярджае Леанід Дранько-Майсюк.

Кот блогера "Head of babulka" Рамана Максіменкі — адзін з самых знакамітых жывёлаў байнэта. Калі гаспадара пасля 19 снежня пасадзілі на суткі, ката ад голаду ратавалі яго сябры. Цяпер ён забыўся на той крызіс і пра рост коштаў не ўзгадвае. А вось яго гаспадар заўважыў, як падаражэла ўтрыманне пухнатага сябра.

"Цяпер недзе ў два разы падаражэла ўсё. У сярэднім тысяч 40 у месяц выходзіла. А цяпер той жа самы аб'ём каштуе ў два разы больш", — кажа Раман.

Каб дакладна даведацца, наколькі паднялося ў цане ўтрыманне катоў ды сабак, карэспандэнт Еўрарадыё накіраваўся да экспертаў — гандляроў таварамі для хатніх жывёлаў.

Ветэрынарны лекар Дзмітрый Сянюк працуе у краме для жывёл "Стрэлка", што поруч з гасцініцай "Спадарожнік". Ён распавядае, што за 2 месяцы корм для жывёл падаражэў у сярэднім у два разы.

"Rоyal Canin" каштаваў тысяч 30 за кілаграм, цяпер каштуе ў раёне 54 тысяч. Гэта за той прамежак, калі пачаліся праблемы з доларам".

Калі раней на гэтыя кошты людзі не зважалі, то цяпер, як прыходзяць у крамы, прыцэньваюцца, заўважае Дзмітрый.

Прадаўшчыца ў суседняй краме "Кот і пёс" заўважае, што падаражэлі не толькі кармы, але і ашыйнікі, і вітаміны, і шампуні для жывёл. Усё ў сярэднім у два разы. Цяпер ашыйнікі для сабак каштуюць ад 15 да 35 тысяч рублёў. Адзін з танных шампуняў — 9 тысяч.

Высветлілася, жанчына сама мае котку. Яе ўтрыманне за 2 месяцы падаражэла на 50 тысяч рублёў.

"Маладая котка менш з'ядае. У сярэднім 60 грамаў корму за дзень. У сярэднім атрымліваецца 115 тысяч рублёў. А раней было 65 тысяч".

То бок у дзень котка "з'ядае" ў сярэднім 4 тысячы рублёў.

У краму заходзіць дзяўчына, каб набыць корм для сабак. Кажа, цяпер на яе аўчарку ідзе на 60 тысяч больш, чым 2 месяцы таму.

З-за росту коштаў гаспадары жывёл набываюць больш танны корм або проста бяруць пакункі меншага аб'ёму, падкрэсліваюць прадаўцы ў абедзвюх крамах для жывёл.

Фота: scorp12on.narod.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі