З вуліцай імя Салея мінчукам давядзецца пачакаць

111128 Sviardlou Vulicy.mp3

Іван Сацукевіч: “Кожны тыдзень розныя людзі просяць назваць вуліцу ў гонар іх знаёмых, сяброў. Ведаеце, нават хворыя на галаву сярод іх трапляюцца. І арганізацыі, і прыватныя асобы. І вось гэтыя людзі просяць: назавіце вуліцу ў гонар Васі Пупкіна!”

Ужо праз 2 дні пасля таго, як яраслаўскі “Лакаматыў” разбіўся ў авіякатастрофе, нехта AndrejN праз сайт Мінгарвыканкама прапанаваў даць імя Руслана Салея вуліцы ў новым мікрараёне “Ржавец”. Еўрарадыё зацікавілася, ці сапраўды “назваць” вуліцу ў сталіцы можна праз сайт гарадской адміністрацыі.

“Кожная прапанова прымаецца. Прычым нават самая фантастычная, якая, з розных прычынаў, ніколі не будзе задаволеная!” — сцвярджае адзін з сяброў тапанімічнай камісіі пры Мінгарвыканкаме, гісторык горада Мінска Іван Сацукевіч. Менавіта гэтая камісія, якая, дарэчы, працуе на грамадскіх пачатках, з’яўляецца першай інстанцыяй, што разглядае прапановы аб найменні і перайменаванні вуліц.

“Камісія складаецца з вялікай колькасці людзей, кампетэнтных. Яны паднімаюць усе гістарычныя дакументы наконт таго, наколькі абгрунтаваная наяўнасць вуліцы з такой назвай менавіта ў гэтым месцы. Працуюць у архівах. І пасля на пасяджэнні камісіі робяць даклад”, — распавядае пра працу тапанімічнай камісіі Ганна Старавойтава. Ганна Валянцінаўна — старшыня камісіі Савета па адукацыі, навуцы, культуры і спорце Мінгарвыканкама. Гэта наступны дзяржаўны орган, куды трапляюць прапановы аб найменні мінскіх вуліц. Амаль усе прапановы.

“Прапанова можа быць адкладзеная камісіяй. Вось, напрыклад, была прапанова па вуліцы Івана Фёдарава ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Але вуліца Фёдарава ўжо ёсць! Гэта вуліца акадэміка Фёдарава. А гэтае слова — "акадэміка" — нехта, можа, і не прачытае… Каб не было блытаніны, найперш, для тых жа жыхароў — давялося гэтую прапанову адхіліць”, — працягвае Ганна Старавойтава.

Не будзе каля Нацыянальнай бібліятэкі і вуліцы імя Сымона Буднага. У адрозненне ад расійскага друкара, які “адсеяўся” на самым пачатку шляху да мінскай вуліцы, гэтая прапанова дайшла да пасяджэння Савета дэпутатаў. Менавіта ён галасаваннем і прымае канчатковае рашэнне: назваць вуліцу так ці па-іншаму. Дэпутатаў Будны “прабіць” не здолеў.

Дык што ж наконт вуліцы імя Руслана Салея? Старшыня ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава паведаміла, што прапанова ўключаная ў план наймення новых вуліц.

“Гэта план-спіс прапановаў, як можна назваць вуліцы. Мы туды ўключаем прапановы з 2007 года. Чатыры гады прайшло. Здаецца, у спісе ўжо 80 імёнаў”, — працягвае Іван Сацукевіч.

Тое, што імя чалавека трапіла ў гэты спіс, зусім не азначае, што неўзабаве ў яго гонар назавуць сталічную вуліцу.

Іван Сацукевіч: “Прапанова гэтая [назваць вуліцу імем Руслана Салея. — Заўв. Еўрарадыё] цікавая і арыгінальная. Але асабіста мне падаецца — заўчасная. Ды і варта падумаць: можа, лепш назваць імем Руслана Салея адну са спартовых арэнаў, якія зараз будуюцца? Чаму б і не? Таму што ўсё ж такі трэба разумець, што для жыхароў вуліцы Салей будзе ніхто. А вось для маладых хакеістаў, якія будуць прыходзіць на заняткі і на хакейныя гульні, Салей — гэта ўсё!”

Як даведалася Еўрарадыё, у спісе нават славуты савецкі дыпламат, “Спадар “Не” Андрэй Грамыка.

Іван Сацукевіч: “Напрыклад, у нас у спісе ёсць Павел Масленнікаў — вядомы мастак і дзеяч мастацтва. Самае дзіўнае, што да нас у Мінгарвыканкам звярнуўся з прапановай назваць вуліцу ў гонар Масленнікава… Магілёўскі аблвыканкам! Але, выбачайце, у Магілёве вуліцы Масленнікава дагэтуль няма!”

А вось прапанова назваць мінскую вуліцу імем Аляксандра Лукашэнкі ў тапанімічную камісію пакуль што не прыходзіла. На думку Івана Сацукевіча, гэта слушна. Бо каб ацаніць, ці варта называць вуліцу ў гонар сучасніка, патрэбен час.

Іван Сацукевіч: “Мы ўжо некалькі разоў прапаноўвалі зрабіць такі “рэжым чакання” — 10 гадоў пасля смерці. А раней каб і не звярталіся па тое, каб назваць імем чалавека вуліцу”.

Фота: "Interfax-Запад".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі