З Расіі вяртаюць беларускія фільмы, якім па 70 гадоў

130124_martin_kino.mp3

Перагнаць 10 хвілінаў адной такой кінастужкі ў DVD каштуе каля 160 тысяч рублёў. Значыць, паўнаметражная стужка пацягне каля 2 мільёнаў. Не так і танна. Каб сабраць грошы і прывезці фільмы, аматары кіно арганізуюць збор сродкаў. За два гады ўдалося забраць у Музей гісторыі беларускага кіно тузін фільмаў.

“Летась было 85 гадоў “Кастусю Каліноўскаму” — знакамітай карціне сярэдзіны 20-х гадоў. У свой час яна пабіла ўсе рэкорды наведвальнасці на тэрыторыі Беларусі. Праўда, яна ў скарочаным варыянце — 40 хвілінаў усяго”, — тлумачаць у Музеі кіно.

У спісе фільмаў, якія плануюць перагнаць у "лічбу" і прывезці сёлета, — каля 50 карцін. Найперш — мультфільмы:

“У кожнага свой інтарэс да гэтых фільмаў. Камусьці цікава сябе ўбачыць у гэтым фільме, напрыклад, ён там здымаўся. Ёсць людзі, якіх архітэктура цікавіць — вобраз Мінска ў 50-я гады, напрыклад. У гэтым годзе нашая асноўная мэта — сабраць анімацыйныя фільмы”, —расказваюць Еўрарадыё ў Музеі гісторыі беларускага кіно.

За больш чым 20 гадоў беларускае кіно так і не перавезлі, хаця перамовы на гэты конт вяліся, тлумачыць Андрэй Скуратовіч — адзін з арганізатараў акцыі па вяртанні фільмаў у Беларусь.

“Цэлы пласт кіно выпаў з ужытку. На міждзяржаўным узроўні вядуцца перамовы, але яны вядуцца ўжо больш за 20 гадоў. Таму з’явілася жаданне хоць неяк гэта ўвесці ў абарачэнне”, — расказвае Андрэй. Цікава, што паказваць гэтыя фільмы могуць толькі на беларускіх каналах. Бо аўтарскія правы — у “Беларусьфільма”.

У Беларусі за тры гады на кліч дапамагчы з фільмамі адгукнулася з дзясятак чалавек. А вось у Маскве, дзе сродкі таксама збіраюць, на перагонку кіно скідваюцца не так ахвотна, кажа адна з арганізатараў Аліна Радачынская:

“Пакуль што народ не адгукаецца. Людзі не зусім разумеюць, навошта гэта патрэбна. Даводзіцца ім гэта тлумачыць”.

У Міністэрстве культуры пра такую ініцыятыву не чулі, але не супраць дапамагчы. У Дэпартаменце па кінематаграфіі Еўрарадыё паабяцалі падумаць над вяртаннем кінаспадчыны:

“Мы, вядома, гэта разглядзім, калі гэта цікава. Калі ёсць такая ідэя, то трэба разглядаць”, — пагаджаюцца ў Мінкульце.

Прывезеныя фільмы ўжо можна паглядзець у Музеі гісторыі беларускага кіно.

Фота: кадр з фільма "Дзікае паляванне караля Стаха"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі