З Беларусі вывезлі тавараў на 402 мільёны долараў невядома куды

121116_luka6uk_belstat_0.mp3

На сайце Белстата знаходзім звесткі, на колькі мільёнаў беларускіх тавараў і куды было экспартавана, на колькі іх тавараў мы набылі. Краін у табліцы — 100. Але адзін радок прыцягвае асаблівую ўвагу: “Краіна невядомая”.


Туды мы паставілі тавараў амаль на 402 мільёны долараў, там набылі — на 316 мільёнаў. Рост экспарту за 8 месяцаў 2012 года склаў амаль 227% адносна студзеня-жніўня года мінулага! Гэта больш, чым мы нагандлявалі, да прыкладу, з Венесуэлай, ЗША ці Узбекістанам. Што гэта за новы гандлёвы партнёр?



Але ў Белстаце расчароўваюць — гэта не новы партнёр, а… кантрабанда. І лічба ў амаль 402 мільёна долараў — гэта не пастаўкі айчыннай прадукцыі ў дагэтуль нязведаныя рэгіёны, а “далічэнні”.

Белстат: “Няма вялікага сакрэту, што людзі цыгарэты ўсё ж вывозяць за мяжу. Таму мы робім далікі. Тавар незаконна вывезены, але ж ён вывезены, яго чалавек “увёў” з камерцыйнай мэтай, каб зарабіць. Таму, мы і робім такія далічэнні на такія тавары”.

Цікава, як можна падлічыць кантрабанду, калі на мяжы яна не дэкларуецца і падатак за яе не плаціцца?

У спіс “невядомай краіны”, удакладняюць у Белстаце, трапляюць тавары, якія былі вывезеныя прадпрымальнікамі ў краіны Мытнага саюза. Мяжы ў нас з Расіяй няма, тавар не праходзіць мытнага афармлення. Але потым беларускія статысты параўноўваюць свае дадзеныя па экспарце, да прыкладу, з дадзенымі расіян па імпарце з нашай краіны і робяць “далічэнні” — тавар жа вывезены за мяжу і можа лічыцца экспартам!

Сёння заўважаем, што Белстат абнавіў старонку са звесткамі аб знешнім гандлі і высвятляецца, што краін-партнёраў у спісе паменшала. Зніклі звесткі аб таваразвароце з “краінай невядомай”.



Тым не менш: паводле Белстата, за 9 месяцаў таваразварот склаў 70 мільярдаў 878 мільёнаў 980 тысяч долараў. Але дзіва — калі пералічыць лічбы па ўсіх 99 краінах, то атрымліваем… 69 мільярдаў 936 мільёнаў 968 тысяч 400 долараў. Аднекуль узяўся амаль мільярд!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі