Юлія Сцяпанава: “Абрэзалі валасы, ўдарылі нагой у твар” (фота)

Актывістка “Еўрапейскай Беларусі” Юлія Сцяпанава расказвае, што позна ўвечары ў нядзелю на вуліцы Глебкі на яе напалі двое невядомых. Здарэнне яна звязвае са сваёй грамадскай актыўнасцю.

 
Еўрарадыё: Калі на вас напалі, і як гэта адбывалася?


Юлія Сцяпанава: Учора, у 12 гадзін ночы. 12.40. Я дадому ішла з прыпынку. У нас вельмі дрэннае асвятленне ў двары. Усё вельмі хутка адбывалася. Аднекуль выскачылі двое, павалілі мяне ў снег. Адзін за рукі трымаў, а другі абрэзаў валасы. Я насіла два хвосцікі, у мяне былі доўгія кучаравыя валасы. І вось ён спачатку адзін хвосцік зрэзаў, затым — другі…Калі я ляжала тварам у снег, адзін з нападнікаў хацеў мяне снегам асыпаць. Замахнуўся нагой і трапіў у твар. Увогуле ўсё было вельмі хутка. Я думала, што мяне затрымліваць будуць.


Еўрарадыё: Чаму так думалі? Нападаючыя размаўлялі з вамі? Гаварылі нешта?


Юлія Сцяпанава: Яны мне толькі адно пытанне задалі: “Ну што, с…ка, сабрала ласіны?”. Больш нічога. Справа ў тым, што я праз сацыяльныя сеткі збіраю часам дапамогу палітвязням і іх сем’ям. І калі апошні раз мой акаунт ўзламалі, я вельмі пакрыўдзілася і напісала пост аб тым, што не разумею, адкуль столькі ўвагі з боку спецслужбаў да мяне. І прапанавала жартаўліва сабраць дапамогу і міліцыянтам. Зялёныя ласіны з арнаментам, у тым ліку.

Так выглядае Юлія пасля сустрэчы з "начнымі цырульнікамі". Фота gazetaby.com


Еўрарадыё: Яшчэ нешта вы чулі з боку нападаючых?


Юлія Сцяпанава: Не, больш нічога. Я думаю, што гэтае нападзенне стала завяршэннем апошніх двух тыдняў. Пагрозы ананімныя былі і раней, але апошнім часам яны пачасціліся. Дзіўныя тэлефанаванні. Да суседзяў прыходзілі і гаварылі, што мяне паб’юць.


Еўрарадыё: Якімі будуць вашы далейшыя дзеянні? Будзеце звяртацца ў міліцыю?


Юлія Сцяпанава: А яны самі сёння да мяне прыехалі. Без выкліку. Сказалі, што прачыталі пра мой выпадак у інтэрнэце, запрашалі паехаць з імі, напісаць заяву. Я адмовілася, выставіла іх з дома. Збіраюся паехаць сёння ўвечары, альбо заўтра з адвакатам разам. 


Еўрарадыё: Юлія, на вашу думку, кім былі нападнікі?

 
Юлія Сцяпанава: Гэта былі тыповыя каранастыя “чарнашапачнікі”… Аднаго я ўвогуле не магла бачыць — ён быў за спіной. А іншы такі, тыповы. Не думаю, што іх знойдуць. Але заяву ўсё адно трэба пісаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі