Yellow Brick Road выступіць на сцэне лепшага клуба Еўропы

Як распавядаюць самі музыкі, гурт быў даўно зарэгістраваны на гэтым сайце, але не ставіўся да яго конкурсаў сур’ёзна. Пасля вясновых гастроляў па гарадах Расіі у Yellow Brick Road з’явілася шмат новых сяброў, якія і параілі гурту звярнуць увагу на конкурс, галоўным прызам якога з’яўляўся канцэрт у лепшым клубе свету па ацэнцы Lonely Planet - "А 38", што ў Будапешце.

Для ўдзелу ў конкурсе гурт выклаў на адкрытае галасаванне ў Інтэрнэце аўдыё-трэкі ды канцэртнае відэа. Абагнаўшы 185 гуртоў-удзельнікаў з усяго свету, Yellow Brick Road занялі 3-е месца ў агульным галасаванні і першае па выніках асабістага выбару арт-дырэктара клубу.

“Для нас Будапешт – вельмі магічны і цікавы горад, таму мы вельмі абрадаваліся, што нас чакаюць такія прыгоды. – распавядае прамоўтар каманды Зміцер Хламаў. – Абавязкова мы паедзем туды з новым альбомам, і Будапешт стане адным з гарадоў нашага будучага еўрапейскага тура. Вядома, для такога выступу мы падрыхтуем адмысловае шоў і, хутчэй за ўсё, возьмем з сабой нашага аператара, які пасля скарыстае гэтае відэа, напрыклад, для відэашэрагу ці кліпу”

Акрамя, уласна, канцэрту Yellow Brick Road атрымалі ў падарунак тыднёвыя вакацыі і экскурсіі па венгерскай сталіцы. Клуб "А 38", які, дарэчы, месціцца на караблі на самым беразе Дуная, ужо прымаў на сваёй пляцоўцы такіх вядомых музыкаў як Gogol Bordello , Mike Patton, Jane Birkin ды іншых, а вось беларусы выступяць на яго сцэне ўпершыню. Дата выступу гурта пакуль узгадняецца, але, хутчэй за ўсе, ён адбудзецца ў кастрычніку. А для ўсіх тых, хто не хоча чакаць так доўга, нагадаем, што бліжэйшы выступ Yellow Brick Road можна наведаць ужо 14-га ліпеня ў віленскім клубе "Muzikos Rūsys".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі