Беларусы не цікавяцца заробкам у 10 мільёнаў?

121029_savi4_vakansii.mp3

У EPAM Systems адкрыта некалькі дзясяткаў вакансій. Узровень заробку не агучваюць: кажуць, што будзе залежаць ад вынікаў сумоўя, але абяцаюць, што прыбытак годны. Тут патрэбны і адміністрацыйны персанал, і праграмісты.


“На адміністрацыйныя месцы па 100 рэзюмэ прысылаюць, а вось праграмістаў, якія нам таксама патрэбны, не вельмі многа. Добрых праграмістаў не так лёгка знайсці”.


Цікавая праблема ў прыватнай фірме "Саўаўта-Мінск". Прадпрыемства тыдзень шукае добрых мантажнікаў з заробкам у... 10 мільёнаў рублёў. Адкрытыя чатыры вакансіі.


“Патэлефанавалі некалькі чалавек. Многія вядуцца: о, дзесяць мільёнаў! Але нам патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты. Калі ўмее рабіць, але нічым не можа гэта пацвердзіць — запісам у працоўнай кніжцы, пасведчаннем аб сканчэнні курсаў ці яшчэ што, не бяром. Праца вельмі цяжкая”, — у кампаніі папярэджваюць, што, нажаль, не забяспечваюць інтэрнатам. Затое вышэйшая адукацыя не патрэбна.


Ахвочых уладкавацца на вакансію бортправадніка ў "Белавіі" больш чым дастаткова. Да вясны патрэбна набраць і вывучыць ажно 50 чалавек.


“Праца вельмі цяжкая. Улетку адпачынак не даем, бо ўлетку сезон і мы практычна не выходзім з самалёта. Заробак у “зайчыках” — ад трох мільёнаў. Калі будзеце лётаць у іншыя краіны, тады да тысячы долараў. Але гэта, натуральна, залежыць ад таго, колькі будзеце працаваць”.


Нягледзячы на складанасць і небяспечнасць працы, жадаючых хапае, у "Белавію" часта тэлефануюць. Шмат хто не праходзіць вельмі строгую медкамісію.


Такі пільны адбор у сельскагаспадарчым комплексе “Ляскавічы”, што ў Гомельскай вобласці, праходзіць не трэба. У сувязі з пашырэннем тут шукаюць заатэхніка і галоўнага заатэхніка. Галоўнаму спецыялісту прапаноўваюць заробак у… 7 мільёнаў рублёў, заатэхніку даюць 5 мільёнаў:


“Гэта ж трэба працаваць, вельмі цяжкі заробак. 3 400 галоў скаціны, а пры канцы года будзе больш! Але што цяпер 7 мільёнаў — гэта ж адказнасць! Ён жа будзе працаваць у сельскай гаспадарцы!”


Дзіўна, але жадаючых працаваць не шмат. Паквапілася тры чалавекі за тыдзень.


А кіроўцам-міжнароднікам у Мінску прапаноўваюць заробак ад 900 еўра. Шукаюць нават праз кадравыя агенцтвы.
“Па нашым агенцтве патрэбна 50 чалавек. Спачатку будзе атрымліваць 900 еўра, потым да 2000".


Самая запатрабаваная прафесія па Мінску, паводле дадзеных Міністэрства працы і сацабароны, — доктар. У кастрычніку медыкам з вышэйшай адукацыяй прапаноўвалі заробак да 5 мільёнаў рублёў. На другім месцы па запатрабаванасці — прыбіральшчык з заробкам да 3,5 мільёна і кіроўцы з заробкам да 5 мільёнаў рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі