Як я варыла боршч па рэцэпце Лідзіі Ярмошынай (фота, відэа)

Да ўсяго гэтага, мы заказалі міску класічнага беларускага баршчу ў рэстаране беларускай кухні “Камяніца”. А потым прадэгуставалі.

Рэцэпт баршча Лідзіі Ярмошынай вельмі просты — нарэзаную моркву, бульбу і цыбулю заліць кіпнем на 15 хвілін — бланшыраваць. Дарэчы, гэты пункт больш за ўсе нас здзівіў. Не верылася, што пасля такіх аперацый гародніна будзе зваранай.

Да гародніны трэба дадаць булён ці кіпень, калі боршч вегетарыянскі. Мы спыняемся менавіта на такім.

У каструлю кладзем нарэзаную капустку і варым ўсё 10 хвілін. За гэты час трэм на тарку буракі і разводзім таматную пасту. Усё гэта дадаём у боршч.


Самае цікавае ў рэцэпце Лідзіі Міхайлаўны — бурак варыцца літаральна тры хвіліны. А каб было смачней — трэба дадаць чарнасліў. Зрабілі ўсё дакладна паводле рэцэпту.


Але, здаецца, названага часу нам не хапіла, каб уся гародніна “дайшла”, бо боршч трохі недавараны.

Повар мінскага рэстарана “Камяніца” Францішак Мятлеўскі перш за ўсе заўважае, што ў кожнай гаспадыні свой рэцэпт. Той, згодна з якім варыць Лідзія Ярмошына — вегетарыянскі і вітамінізаваны, бо пры такой апрацоўцы гародніны зберагаецца больш вітамінаў. 

Францішак прапануе варыць боршч на костцы, ўсю гародніну пасіраваць, а бурак трохі падтушыць.

Усе тры баршчы неўзабаве апынуліся на стале Еўрарадыё. Падчас дэгустацыі ў рэдакцыі трох баршчоў — з пакета, з рэстарана і паводле рэцэпту Лідзіі Ярмошынай — калегі памылкова палічылі, што “боршч з пакета і есць той самы боршч Лідзіі Міхайлаўны”.

Боршч з пакета нагадваў суп харчо і вельмі моцна пах “хіміяй” і печанымі памідорамі.

Боршч “а-ля Лідзія Ярмошына”, на думку калег, пах воцатам, хаця ў страве не было яго нават лыжкі! Усё натуральнае.

Больш за ўсе спадабаўся боршч з рэстарана… А вось боршч Лідзіі Ярмошынай ў выкананні карэспандэнта Еўрарадыё і боршч з пакета не ацанілі. Мо таму што забыліся купіць смятану!?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі