Выцвярэзнік на 20 тысяч даражэй за гасцініцу

110930 Martin Vytrezvitel.mp3

Газета “Беларусь Сегодня” паведамляе, што на ўтрыманне  медвыцвярэзнікаў трэба 7,3 мільярды штогод. Еўрарадыё праверыла, на што патрэбныя такія сродкі.

“Недастатковая плацежаздольнасць кліентаў, бо гэта бамжы, непрацуючыя… Запазычанасці вісяць, а спагнаць нельга, нават праз суд”, — скардзяцца ў бабруйскім выцвярэзніку.

Ноч там каштуе 87,5 тысяч рублёў. Цікава, што нумар у гасцініцы “Спорт” каштуе менш — 65 тысяч аднамесны. А ў чатырохмесным можна спыніцца за 49.

Пытаемся ў бабруйскім выцвярэзніку, што ж яны прапануюць за такую суму.

“Паступае паведамленне па лініі 102, выязджае нарад. На месцы высвятляюць: калі траўмаў няма, прывозяць да нас. У нас робяць агляд. Штатны доктар высвятляе ступень ап'янення, маем прыбор, і чалавек знаходзіцца да таго, як працверазее. Мінімум 3 гадзіны, максімум суткі. Проста спаць кладзем”.

У выцвярэзніку бывае ад 12 да 20 чалавек штодня. З пачатку года тут працверазела 3869 чалавек.

“Кожны дзясяты — жанчына. Пенсіянеры, ваенныя пенсіянеры. Трапляюцца, праўда, і працуючыя”, — агучваюць склад кліентуры выцвярэзніка.

Куды ж ідуць 7,3 мільярды, выдаткаваныя дзяржавай? Хіба на заробак… У магілёўскім выцвярэзніку ўпэўніваюць, што нават калі б усе заплацілі, пакрылі б толькі палову расходаў.

“Ёсць пэўныя расходы, заробак, форменная вопратка, паліва. Калі ўлічваць толькі выдаткі на ўтрыманне асобаў, то яно акупляецца ў некалькі раз. Але калі ўкласці ўсе выдаткі на супрацоўнікаў, то яно не акупіцца”.

У магілёўскі выцвярэзнік трапляе ад 12 да 20 чалавек штодня, на выходных бывае  больш за 20. А кліенту зранку могуць нават даць таблетку аспірыну ад галавы, калі той скардзіцца.

Праўда, выпівох не кормяць. За людзьмі ў выцвярэзніку сочаць: там стаяць відэакамеры — нават у палаце, дзе п'яны адсыпаецца.

У сталічным выцвярэзніку кліентаў больш, чым у рэгіёнах. Бывае па 25 чалавек, кажа супрацоўнік.

Каб даведацца, як выглядаюць гэтыя ўстановы знутры, звяртаемся да былога кліента. Хлопец цверазеў у Асіповічах.

“Гэта было 3 гады таму. Мяне знялі з электрычкі “вельмі стомленага”, — прыгадвае былы госць выцвярэзніка Сяргей. — Я згодны, што быў не вельмі цвярозы, але туды можна было не везці. Там стандартная працэдура: перапісваюць асабістыя рэчы, забіраюць, мераюць ціск. Пытаюць, як сябе адчуваеш. У майтках і шкарпэтках адводзяць у пакой”.

У выцвярэзніку хлопца пратрымалі з трэцяй да сёмай гадзіны ранку. Далі чыстую бялізну. Спаць давялося на ложках савецкага ўзору на сталёвых спружынах. Пасля адпусцілі і нават не сталі дасылаць паперы на месца працы.

Дарэчы, у нашых суседзяў — у Расіі і ва Украіне — выцвярэзнікаў ужо няма. А ў Беларусі на сёння дзейнічае прыкладна 25 такіх устаноў.

Фота: rus.ruvr.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі