Выканкам пра аўто за $47 тыс.: Будзем мяняць, каб машына была, як ва ўсіх

121226_savich_avto.mp3

Старшыня Ельскага райвыканкама свой Touareg так і не купіў — аўкцыён прызнаны памылковым. А вось старшыню Драгічынскага райвыканкама купляюць аўто больш чым за 400 мільёнаў рублёў, ці 47 тысяч долараў. Старшыня райвыканкама на пасадзе месяц і ўжо купляе новы Hyundai Santa Fe Comfort 4WD трэцяга пакалення ці яго аналаг.

“Калі нам прапануюць машыну танней, мы, зразумела, купім танней. Гэта кропка адлічэння на памяншэнне кошту. Прыйшла пара, і будзем мяняць — як і ва ўсіх, аўто каб было”, — кажа кіраўнік спраў Драгічынскага райвыканкама Аляксандр Тынковіч.


У папярэдніка старшыні ў карыстанні былі дзве машыны — Chevrolet Niva і Toyota Avensis.

“Адзін аўтамабіль дзяжурны, аўто, якім ездзіць па раёне, і другі для службовых паездак — камандзіроўкі, за межы раёна”.

Кіраўнік спраў кажа, што Niva ўжо ад’ездзіла сваё — старшыня Драгічынскага райвыканкама карыстаўся ёю восем гадоў, і таму было прынята рашэнне аб набыцці новага аўтамабіля. Toyota таксама не новая, і супрацоўнікі райвыканкама нават не могуць успомніць, якога года машына…

Еўрарадыё пацікавілася, якія ж аўто ў іншых старшынь выканкамаў Брэсцкай вобласці.

Старшыня Маларыцкага райвыканкама Казімір Лапіч службовым аўтамабілем Toyota задаволены і мяняць яго не збіраецца.

“Звычайная машына. Добрая, але маленькая знутры, на аднаго чалавека. Я тут побач з Брэстам, таму ў мяне рэсурс пакуль ёсць”.

Старшыня Столінскага райвыканкама таксама рассякае на Toyota. На ёй старшыня ездзіць прыкладна пяць гадоў, але мяняць няма як — няма грошай. А вось намеснікі старшыні ездзяць на васьмігадовых “Волгах” і Samand.

“У фінансавым аддзеле — Samand, у аддзеле адукацыі — таксама. Машына абслугоўваецца, ездзіць”.

Між тым, чатыры Mercedes-Benz S 500 L збіраецца купіць Аўтатранспартная дзяржустанова “Белспецтрансаўта” Упраўлення справамі прэзідэнта. Кошт чатырох “мэрсаў” — 6,5 мільярда рублёй — возьмуць з рэспубліканскага бюджэту.

“Мы іх добра калі ў сярэдзіне будучага года купім, бо ў Беларусі такіх аўто няма. Будзем везці з Германіі. Для чаго — не магу сказаць, але не для прэзідэнта. Самі разумееце, усё арганізавана на самым высокім узроўні. Калі мы будзем сустракаць Пуціна ці Мядзведзева на “Запарожцы”, якое будзе ўражанне ад нашай краіны? Гэта імідж краіны”.

Нічога сабе такі імідж.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі