Выбарчая неспадзяванка ў Гомелі: Акруга засталася без праўладных кандыдатаў

“Я не ведаю, чаму Пракапенка зняўся з выбараў. Гэта для мяне самога навіна была. Насамрэч быў моцны кандыдат… Таму нават не магу нічога пракаментаваць. Цяпер як людзі за мяне прагаласуюць, так і будзе”, — кажа кандыдат у дэпутаты, энергетык Сяргей Мельнікаў. Ён працуе ў прыватнай фірме, яму 31 год. Сяргей — сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

120919_pilecki_gomel.mp3

Мельнікаў у сваёй акрузе застаўся зусім адзін. Разам з Ігарам Пракапенкам з выбараў сваю кандыдатуру зняў сябра АГП Уладзімір Няпомняшчых. Цяпер Мельнікаў ходзіць па кватэрах і агітуе гамяльчан прыняць удзел у выбарах. Калі большасць з жыхароў Навабеліцкай акругі прыйдуць галасаваць, то энергетык мае добрыя шансы на перамогу. Яму трэба набраць 50% плюс адзін голас ад агульнай колькасці ўдзельнікаў выбараў.

У акруговай камісіі гавораць, што рашэнне Пракапенкі зняцца дадало ім праблем — цяпер трэба выкрэсліваць яго прозвішча з бюлетэняў. А гэта гара працы. Разам з прозвішчам праўладнага кандыдата выкрэсліваюць і прозвішча апазіцыянера Няпомняшчых. Абодва кандыдаты, якія зняліся, дзяржаўныя грошы на агітацыю не трацілі. Таму і вяртаць іх не давядзецца.

“Агітацыя Пракапенкі Ігара Мікалаевіча не вісела. І Непомняшчых агітацыя таксама не вісела. Ні той, ні іншы не карысталіся агітацыяй. Таму ніякіх грошай мы з іх праз суд патрабаваць не будзем”, — расказваюць у камісіі.

Пра выбарчыя перспектывы ў камісіі Навабеліцкай акругі гавораць неахвотна. Маўляў, убачым пасля 23 верасня, пакуль рана загадваць. Размаўляць пра тое, наколькі проста цяпер будзе перамагчы прадстаўніку “канструктыўнай апазіцыі” Мельнікаву, таксама не хочуць. Як і пра прычыны зняцця Пракапенкі — таямніца.

Яшчэ адзін былы сапернік Мельнікава, сябра АГП Уладзімір Няпомняшчых перакананы, што выбары ў акрузе не адбудуцца. Гаворыць, што праўладным кандыдатам быў Пракапенка і цяпер уладзе патрэбная новая кандыдатура, малады энергетык з ЛДПБ не падыходзіць.

“Наконт таго, шкадую я, альбо не… Не шкадую. Гэта пазіцыя партыі. І пакуль існуюць у краіне палітвязні, то ўдзельнічаць у нейкіх так званых выбарах я лічу амаральным”.

А вось прадстаўнік “канструктыўнай апазіцыі” Сяргей Мельнікаў так не лічыць. 23 верасня стане зразумелым, прывяла яго такая пазіцыя ў парламент, альбо не.

Поўную гутарку з Сяргеем Мельнікавым глядзіце тут: Безальтэрнатыўны кандыдат: Зняцце "кандыдата ўлады" для мяне навіна!

“Агітацыя Пракапенкі Ігара Мікалаевіча не вісела. І Непомняшчых агітацыя таксама не вісела. Ні той, ні іншы не карысталіся агітацыяй. Таму ніякіх грошай мы з іх праз суд патрабаваць не будзем”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі