"Не ўсякая назва, што падаецца савецкай, такой і з’яўляецца"

FORUM 120310.mp3

Вадзім Зелянкоў — вядомы знаўца беларускай тапанімікі, блогер, паводле прафесіі фізік.

Еўрарадыё: Калі ідзе гаворка пра беларускую тапаніміку, заўсёды ўзнікае пытанне: чаму ў нас дагэтуль так шмат савецкіх назваў? Гэта больш ідэалагічны момант ці, можа, тэхнічны (цяжка змяняць назвы і г.д.)?

Вадзім Зелянкоў: У параўнанні з іншымі буйнымі гарадамі былога СССР, Мінск, натуральна, у значна большай ступені захаваў долю савецкіх імёнаў, з шмат якіх прычынаў. Беларуская ССР у свой час у нейкім сэнсе бегла наперадзе прагрэсу — і цэрквы тут зачынялі ў 1960-я гг. больш актыўна, чым у іншых месцах саюза, і вуліцы таксама пераймяноўвалі. Тут нашмат менш засталося старых назваў. Пасля, калі прыйшоў час вяртаць усё назад, некалькі імёнаў вярнулі, але далей, як вы правільна сказалі — тэхнічныя цяжкасці.

Увогуле масавыя перайменаванні ў Мінску пачаліся задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі, пасля паўстання 1860-х гг.. Вельмі шмат вуліц Мінска, якія так ці інакш насілі імёны, звязаныя з Польшчай або каталіцтвам, былі перайменаваныя на праваслаўны лад. Францысканская стала Губернатарскай, Дамініканская — Петрапаўлаўскай, Феліцыянаўская — Багадзельнай і г.д. Сёння, натуральна, у гэтых вуліц трэцяя назва, адпаведна — Леніна, Энгельса і Камсамольская.

Другая хваля масавых перайменаванняў прайшла ў 1920-я гады, пасля, ў 1930-я гады, сталі пазбаўляцца ад назваў, звязаных з нацыямі — адразу перайменавалі Кітайскую, Турэцкую, Яўрэйскую вуліцы, далі ім нейкія нейтральныя імёны. Пасля яшчэ была маленькая хваля перайменаванняў у добры бок. На пачатку 1990-х гг. з’явіліся Гарадскі Вал, Кальварыйская ды інш., а пасля справа ізноў застапарылася, не лічачы некалькіх усім вядомых перайменаванняў — кшталту перайменаванне галоўнага праспекта.

Зразумела, калі чалавек жыве на вуліцы Карла Маркса, дзе мы цяпер знаходзімся, калі ёй вернуць старую назву, яму трэба будзе ўносіць праўкі ў дакументы — гэта яшчэ паўбяды. А фірмам унесці праўкі ў статутныя дакументы — яшчэ большая валтузня. Але, з іншага боку, калісьці ўсё адно гэта рабіць давядзецца. Калі? Гэта іншае пытанне.

Еўрарадыё: Калі пераймяноўваць вуліцы, то як? Якія даваць назвы — вяртаць старыя, гістарычныя? Або даваць новыя? Вось, напрыклад, Карла Маркса, калі мы ўжо яе ўзгадалі…

Вадзім Зелянкоў: Вуліца Карла Маркса акурат мае ўсе шанцы на перайменаванне. На ёй не так шмат жылых дамоў, а дзяржаўным установам перайменавацца лягчэй. Ну, і калі нарэшце вырашаць яе зрабіць пешаходнай вуліцай, то пешаходная вуліца Карла Маркса — гэта выглядае дзіўна. Старая назва Падгорная будзе нашмат больш прыдатнай.

Еўрарадыё: А з іншымі вуліцамі?

Вадзім Зелянкоў: Тут падышоў бы кампраміс. Скажам, пераймяноўваць Камсамольскую ў Багадзельную — зусім кепска. Лепш — Феліцыянаўская. А Леніна — Губернатарская — гэта зусім нядрэнны варыянт. А вось стане Энгельса Дамініканскай або Петрапаўлаўскай? Калі ўзновяць Дамініканскі касцёл, а такія планы ёсць, то, натуральна, Дамініканская.

Карацей, тут зусім не так усё відавочна — што вось давайце цяпер усё возьмем і пераймянуем. А як перайменаваць — гэта трэба таксама вельмі добра думаць.

Еўрарадыё: А што наконт варыянта даваць вуліцам новыя назвы?

Вадзім Зелянкоў: Мне не вельмі падабаецца традыцыя савецкіх часоў даваць вуліцам імёны людзей. А тым больш пераймяноўваць вуліцы ў гонар людзей! У прынцыпе, у Мінску да рэвалюцыі толькі тры вуліцы былі названыя імёнамі канкрэтных людзей, якія не з’яўляліся домаўладальнікамі. Захар’еўская вуліца — у гонар першага губернатара Мінска, які па сутнасці і спланаваў гэтую вуліцу. Скобелеўская вуліца, цяперашняя Чырвонаармейская — так перайменавалі Батальённую, таму што там жыў ганаровы грамадзянін Мінска генерал Скобелеў. І трэцяя вуліца — Пушкінская (цяпер Фізкультурная), названая так да стагоддзя са дня смерці паэта па просьбе жыхароў горада.

Усе астатнія вуліцы насілі назвы або паводле храмаў, або паводле прыродных прыкметаў (тая ж Падгорная). Пасля вуліцы пачалі называць імёнамі людзей. У прынцыпе, калі вяртаць імёны, то я за тое, каб у цэнтры вярнуць гістарычныя імёны. А годныя прозвішчы няхай носяць новыя вуліцы ці тыя, у якіх гістарычнай назвы не было (напрыклад, нядаўняя ініцыятыва перайменавання Ульянаўскай вуліцы ў вуліцу Васіля Быкава).
 

Вуліца Быкава


Вадзім Зелянкоў: Вуліца Быкава, безумоўна, павінна быць. Але Ульянаўская вуліца мае сваю гістарычную назву — Гарбарная. І не трэба ад яе адмаўляцца, гэта даволі вялікі кавалак гісторыі Мінска. А ў гонар Быкава, я ўжо некалькі разоў прапаноўваў, можна назваць вуліцу Ціміразева, у якой няма гістарычнай назвы. Гэта вуліца пачынаецца каля дома, дзе шмат гадоў жыў пісьменнік. Цяпер яна ў стадыі рэканструкцыі, але праз некалькі гадоў стане раскошным праспектам, які будзе весці на Вільню. І таму — будзе цалкам прыстойны варыянт.

У Англіі ёсць цудоўны закон. Там перайменаванні, прысвойванне імёнаў і нават вывешванне мемарыяльных дошак дазваляецца толькі праз 20 гадоў пасля смерці чалавека. Выключэнне не зрабілі нават для Джона Ленана. І таму ў снежні 2000 года па ўсёй Англіі масава вешалі мемарыяльныя дошкі там, дзе ён пабываў. Раней было нельга. Вось калі сёння праглядзець, чыімі імёнамі названыя вуліцы Мінска, — ці назвалі б іх так праз 20 гадоў? Ох, баюся, што не. І выключэнняў няшмат.

Натуральна, вельмі шмат вуліц, пра носьбітаў імёнаў якіх мала што вядома. Насамрэч гэта не толькі палітычныя дзеячы і героі вайны, а таксама дзеячы культуры, пісьменнікі. Магчыма, трэба адразу ставіць часовыя шыльды — у гонар каго названая вуліца.

Вось цяпер у Брылевічах з’явілася шмат вуліц: Напалеона Орды, Яна Чачота... Я бачыў, як на прыпынку мужчына размаўляў па тэлефоне: “Я цяпер на вуліцы нейкага Чачоткіна”. Ну, стаяла б шыльда з тлумачэннямі, хаця б кароткімі, хто гэта такі. Часовая таблічка, кардонная — не важна! Было б лягчэй.

Мала перайменаваць — патрэбная нейкая прапаганда, патрэбныя тлумачэнні. Ці ўсе жыхары Лошыцы ведаюць, напрыклад, хто такі Карусь Каганец? Ці ўсе жыхары будучага мікрараёна, які называўся Паўночны, а цяпер — Навінкі, будуць ведаць, хто такі, напрыклад, цудоўны музыкант Генадзь Цітовіч?

Еўрарадыё: Як адбіваецца на іміджы горада захаванне шматлікіх савецкіх назваў?

Вадзім Зелянкоў: Тут ёсць парадокс. З аднаго боку, архітэктурная "фішка" Мінска — гэта ўсё ж такі, як ні круці, сталінская забудова. Таму нейкае спалучэнне тут ёсць. Але савецкае савецкаму не роўнае. То бок вуліца Валадарскага да гэтай забудовы і гэтага стылю ніякіх адносінаў пры любым раскладзе не мае!

Я чытаю водгукі тых, хто прыязджае да нас. Сапраўды, тое, што кажуць, што тут запаведнік Савецкага саюза, шмат у чым адбываецца і дзякуючы назвам вуліц. Адразу з вакзала вас сустракаюць вуліцы Кірава, Ленінградская, Ульянаўская. Натуральна, першае ўражанне даволі моцнае.

Хаця тут таксама не ўсё так проста. Я ўдзельнічаў у радыёперадачы, куды датэлефанаваўся слухач і спытаў: калі нарэшце знікнуць такія савецкія назвы, як Красная вуліца (у сучаснай тапаніміцы — Чырвоная)? Назве "Красная вуліца" некалькі стагоддзяў! Яна да савецкай улады ніякіх адносінаў не мае, бо была названая абсалютна не ў савецкія часы.

Тут таксама важна не перастарацца. І, пазбаўляючыся ад савецкіх назваў, не пазбавіцца заадно ад тых, якія былі да рэвалюцыі.

Дарэчы, куток у Мінску, дзе працэнт захавання старых дарэвалюцыйных назваў самы высокі, — гэта раён, які цяпер называецца незразумелай назвай “мікрараён Чкалаўскі”, хаця ад вуліцы Чкалава ён даволі далёка. Вось там захавалася даволі шмат дарэвалюцыйных назваў — завулак Вішнёвы, Полацкая вуліца, Пензенская, вуліца Уфімская…

Падавалася б, назвы — па гарадах Савецкага Саюза. Але нічога падобнага: гэта дарэвалюцыйныя назвы. Калі будавалі чыгунку і дамы для чыгуначнікаў, называлі вуліцы акурат па гарадах Расійскай імперыі. Вуліца Прыгожая, дзе жыў адзін з галоўных інжынераў Маскоўска-Брэсцкай дарогі — таксама дарэвалюцыйная назва. Студэнцкая — назва даваенная, але невыпадковая… На Студэнцкай вуліцы жыла шмат студэнтаў. То бок не ўсякая назва, што падаецца савецкай, такой і з’яўляецца.

Еўрарадыё: Якія самыя старыя назвы вуліц ў нас засталіся? То бок — не перайменаванымі з моманту заснавання?

Вадзім Зелянкоў: Скажам, Бабруйская вуліца. Яна была так названая першапачаткова ў 1870-я гг., калі будаваўся Віленскі вакзал, вакзал Лібава-Роменскай чыгункі. Ці Маскоўская вуліца: яна, праўда, аднойчы мяняла назву ў самым пачатку, але ўжо гадоў 130 як мінімум — Маскоўская.

Некаторыя вуліцы мянялі імёны чыста касметычна. Напрыклад, Няміга шмат гадоў называлася Нямігская. Але гэта, напэўна, не так істотна… Іванаўская, Андрэеўская, Антонаўская...

Еўрарадыё: Ці былі выпадкі, калі вуліцу пераймяноўвалі, але назва была не савецкая? Такія “псеўда-савецкія” перайменаванні?

Вадзім Зелянкоў: Было наадварот. Была ў Мінску вуліца Казакоўская, названая ў гонар домаўладальніка Казакова, які, зразумела, камуністам, мякка кажучы, не быў, але ў прынцыпе ні ў чым абсалютна не быў заўважаны. Пасля рэвалюцыі вырашылі, што гэта вуліца названая ў гонар белага казацтва і перайменавалі ў Пугачоўскую. Пугачоў таксама казак, але ўмоўна кажучы — добры.

А каб перайменавалі псеўдасавецкую вуліцу? Так адразу не назаву… Але, з іншага боку, што ўспамінаць, калі такіх перайменаванняў былі адзінкі.

Еўрарадыё: Як доўга ў памяці людзей жывуць старыя назвы вуліц?

Вадзім Зелянкоў: Вельмі шмат мінчан дагэтуль кажуць "Круглая плошча", маючы на ўвазе не тое, што ў раёне Радыяльнай вуліцы, а менавіта плошчу Перамогі. Шмат хто кажа "Варвашэні", маючы на ўвазе пачатак сучаснага праспекту Машэрава. І ўжо дакладна шмат хто кажа "праспект Машэрава", маючы на ўвазе праспект Пераможцаў. Тут, натуральна, узнікла вялікая блытаніна.

Зразумела, ёсць людзі, якія памятаюць старыя назвы вельмі доўга. У Мінску трошкі іншая сітуацыя, таму што ўсё ж такі ў Мінску пара масавых перайменаванняў прайшла даўно. Толькі вось Круглая плошча яшчэ жыве. Галоўны праспект як правіла называюць проста "Праспект" — каб не блытацца, як ён цяпер называецца.

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь" на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.


Фота: Bymedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі