Чаму ў Мінску дагэтуль няма вуліцы імя Уладзіміра Караткевіча?

120123 Nasta Vulicy.mp3

Назвалі яе ў гонар падпольшчыка — Дзмітрыя Караткевіча.

Знаходзіцца яна каля аэрапорта “Мінск”. Туды і накіроўваюся, каб запытацца жыхароў гэтай невялічкай вуліцы, ці ведаюць яны, у чый гонар яна названая.

Людзей у такое снежнае надвор’е няшмат. Падыходжу да жанчыны, якая стаіць каля пад’езда дома нумар 11 па вуліцы Караткевіча.

Еўрарадыё: А ці ведаеце вы, у чый гонар названая гэта вуліца?

Жанчына: Не ведаю.

Еўрарадыё: Прозвішча Караткевіч вам пра што-небудзь кажа?

Але на гэта пытанне жанчына не адказвае зусім.

Рушу далей да двух мужчын, якія разграбаюць снег. На пытанне адказваюць адразу, нават не задумваючыся. Яны ўпэўненыя, што вуліцу назвалі ў гонар пісьменніка.

Мужчыны: Ну, напэўна ж пісьменніка Караткевіча. Ну, гэта ж ужо ясна і зразумела, што Караткевіча!

Ёсць і тыя, хто ведае, што вуліца названая ў гонар Караткевіча, але “не таго”.

“У гонар Караткевіча. Але не таго… Не пісьменніка. Здаецца, ён партызанам быў”.

Ведае, у чый гонар названая вуліца, і жанчына, якая ўжо даўно жыве там.

Жанчына: “У гонар Караткевіча, героя вайны… падполля нашага беларускага. Ёсць яшчэ пісьменнік Караткевіч, але я дакладна не блытаю. У нас у школе была добрая адукацыя!”

Чаму не пісьменнік, а падпольшчык? Сваю версію расказвае мужчына, які працуе на гэтай вуліцы.

“Гэтая вуліца проста даўно названая гэтым іменем, а Караткевіча нядаўна не стала. Таму не маглі ягоным іменем назваць. Магчыма, дзе-небудзь калісьці назавуць і таго Караткевіча”.

Але калі вуліца Караткевіча ўжо занятая, то што застанецца для пісьменніка? Можа быць, праспект або плошча?

“На дадзены момант у Мінску ёсць вуліца падпольшчыка Дзмітрыя Караткевіча, каля старога аэрапорта. Вуліцы пісьменніка Уладзіміра Караткевіча няма. Калі будзе прынятае рашэнне, а я не ведаю, калі яно будзе прынятае, то, безумоўна, вуліца будзе называцца — вуліца пісьменніка Караткевіча, або — Уладзіміра Караткевіча”, — кажа сябра тапанімічнай камісіі пры Мінгарвыканкаме, гісторык горада Мінска Іван Сацукевіч.

Менавіта гэтая камісія разглядае прапановы аб найменні і перайменаванні вуліц.

Яшчэ адзін сябра камісіі — дырэктар гістарычнага музея Сяргей Вечар — кажа, што пытанне складанае. І ці будзе ў Мінску вуліца пісьменніка Караткевіча, пакуль невядома.

Сяргей Вечар: “У гэтай камісіі ёсць спіс, дзе рознымі арганізацыямі і людзьмі падаюцца прапановы, і сярод гэтых прапановаў вуліцы Караткевіча, на жаль, няма. Сябры камісіі проста самі ўздымалі гэтую тэму, думалі, як тут быць, пагутарылі…Але пакуль нічога не вырашылі”.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея ўзгадвае іншыя падобныя выпадкі. Напрыклад, з вуліцай Фёдарава.

Сяргей Вечар: “Калі прозвішчы паўтараюцца, то ёсць пэўная складанасць. Напрыклад, я быў удзельнікам пасяджэння камісіі, дзе разглядаўся варыянт вуліцы першадрукара Івана Фёдарава, але ў Мінску ўжо ёсць вуліца Фёдарава, таму гэтае пытанне адклалі. Была прапанова ўвогуле замяніць аднаго Караткевіча на іншага… Але гэтая вуліца — вельмі караценькая. І калі ўжо браць нашага славутага пісьменніка, то ён заслугоўвае больш доўгай вуліцы”.

Вуліцы пісьменніка Уладзіміра Караткевіча ў Мінску дагэтуль няма. Затое вуліц, названых у гонар Леніна — цэлых дзве: вуліца Леніна і Ульянаўская.


Еўрарадыё апытала мінакоў на вуліцах Мінску, назвы якіх вуліц вам падаюцца самымі дзіўнымі. Адказы былі падобнымі:

“Вы самі ведаеце, якія ў нас вуліцы… Энгельса, Маркса, Леніна… Што яны дагэтуль робяць у Мінску?”

Увогуле, палова мінчан жывуць на вуліцах, звязаных з памяццю пра Другую сусветную. Вуліц жа, прысвечаных дасавецкай памяці, вельмі мала. Да таго ж, існуе вялікая колькасць аднолькавых назваў. Так, у Мінску ёсць 5 вуліц і завулкаў Шчорса, шматлікія Пуцеправодныя, Радыятарныя і Чыгуначныя завулкі…

Фота: http://minsk-old-new.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі