Віцебскія ўлады перадумалі будаваць паліклініку

Будучая паліклініка мусіла складацца з двух комплексаў – дзіцячага і дарослага. Дарослы быў разлічаны на 1000 чалавек і уключаў у сябе жаночую кансультацыю і стаматалагічную паліклініку. Губернатар паставіў задачу здаць аб’ект у эксплуатацыю роўна праз два гады, да 1 кастрычніка 2012 года. А 18 жніўня 2011 года рашэннем Віцебскага гарадскога савета дэпутатаў у “Інвестыцыйную праграму горада Віцебска на 2011 год” былі ўнесены змены. З-за скарачэння бюджэтнага фінансавання шэраг аб’ектаў пабудаваны не будзе. У спісе выкрэсленых з праграмы – паліклініка ў мікрараёне Білева.

Аказалася, што змены ў планах кіраўніцтва горада не даведзены да жыхароў, і тыя лічаць, што на месцы закладзенай з вялікай помпай капсулы, усё-такі пачне расці так патрэбны медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, карыстаючыся выпадкам, жыхары новага маладзёжнага мікрараёна гаварылі і пра іншыя “балючыя” білеўскія кропкі, якіх аказалася вельмі нямала.

Маладая маці:

- У нас усе ўрачы па розных месцах. Гэта жахліва, асабліва з маленькімі дзецьмі. Мы чакаем паліклініку, як зрэнку вока. Хочацца хутчэй што-небудзь бліжэй мець. Абяцаюць як быццам цэлы медыцынскі цэнтр. Там і гінекалогія, і усё на свеце павінна было быць. Чакаем. І стаматалогію нам абяцаюць. І школы нам мала. У мяне старэйшае дзіця ў чацьвёртым класе. Другая змена. І проста жах нейкі. Класы перапоўнены. І зараз другое дзіця невядома куды ў садок аддаваць. Тут два садкі. Адзін выключна для шматдзетных сем’яў, а другі невядома калі будзе.


Жанчына-гандлярка:

- Я хаджу ў паліклініку на Маскоўскім. Гэта трэцяя гарадская паліклініка на Маскоўскім праспекце. Кажуць, хутка пабудуць паліклініку тут. Так кажуць. Што на самой справе – не ведаю. А так Білева адносіцца да паліклінікі нумар тры. Кажуць, што павінны пабудаваць. А калі – невядома. Канечне, вельмі нязручна. А яшчэ я прыехала з вёскі і тут зусім няма месца, дзе можна што-небудзь прадаць. У любым раёне гэта ёсць. Людзі спадзяюцца на лепшае і не ведаюць, што рашэнне даўно прынята і Білеўская паліклініка не ўвайшла ў прыарытэтны спіс пабудоў, якія патрэбны гораду ў першую чаргу.


Пакуль жа на месцы, дзе было запланавана будаўніцтва ляжыць будаўнічы кран, валяюцца пустыя пляшкі з-пад гарэлкі, а калодзеж з капсулай наогул без старонняй дапамогі знайсці немагчыма.

На фота -- калодзеж з капсулай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі