Вернутыя дзяржаве грошы не ўратуюць Бяляцкага ад калоніі

111124 Luka6uk Bialacki.mp3

Суддзя Сяргей Бандарэнка прызнаў віну праваабаронцы ва ўхіленні ад выплаты падаткаў даказанай і вынес прысуд — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Прысутныя ў зале сустрэлі прысуд воклічамі “Ганьба!”, сам Алесь Бяляцкі выгукнуў: "Вясну" не спыніць!". У той жа час паплечнікі праваабаронцы і яго сваякі прызнаюць, што прысуд — чаканы. Прычым, як кажа жонка праваабаронцы Наталля Пінчук, да такога развіцця падзей яны пачалі рыхтавацца яшчэ за месяц да арышту кіраўніка “Вясны”.

Наталля Пінчук: “Мы ведалі пра такое магчымае развіццё падзей яшчэ да арышту Алеся. І гэта быў свядомы выбар: яшчэ дзесьці за месяц да арышту Алеся мы пачалі да гэтага свядома рыхтавацца, ведаючы, чым гэта пагражае”.

Паводле прысуду, канфіскацыі падлягае нават тая маёмасць, якая запісаная на сваякоў Бяляцкага. У тым ліку — жыллё. І таму Наталля нават не ведае, ці будзе ў яе дзе жыць пасля арышту маёмасці.

Наталля Пінчук: “Цяжка сказаць (ці будзе ў яе дзе жыць — Еўрарадыё), бо я ўсіх нюансаў, звязаных з гэтай працэдурай, не ведаю. Буду кансультавацца з адвакатам”.

Дарэчы, паводле прысуду Алесь Бяляцкі мусіць выплаціць 757 мільёнаў рублёў: 721 мільён — нясплачаныя падаткі і 36 мільёнаў — судовыя выдаткі. На тое, каб добраахвотна выплаціць усе гэтыя мільёны, Бяляцкаму далі месяц. Вось толькі, тлумачыць Еўрарадыё юрыст Гары Паганяйла, выплата Бяляцкім гэтых грошай не пазбавіць яго ні калоніі, ні нават канфіскацыі маёмасці!

Гары Паганяйла: “Калі суд абавязаў яго кампенсаваць гэтую суму падатку, то гэта азначае, што за кошт яго маёмасці, за кошт сродкаў на рахунках у банку будзе кампенсавацца гэтая частка. А ўсё астатняе будзе потым канфіскавана ўсё адно!”

І таму, лічыць юрыст, спяшацца і выплачваць гэтую суму Алесь Бяляцкі не будзе. Па-першае, гэта будзе лічыцца прызнаннем ім сваёй віны. Ды і сэнсу ў гэтым няма, калі ад канфіскацыі гэта не ратуе. Што ж тычыцца магчымага вызвалення праваабаронцы пасля таго, як усе страты, нанесеныя ім дзяржаве, будуць кампенсаваныя, то на гэта дае права толькі адпаведны прэзідэнцкі ўказ аб памілаванні. Але каб на яго разлічваць, неабходна прызнаць сваю віну, што Бяляцкі не зрабіў.

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі пасля абвяшчэння прысуду да журналістаў не выйшаў, але перадаў праз Наталлю, што з рашэннем суда не згодны і будзе яго абскарджваць. Паводле заканадаўства, на гэта ў яго ёсць 10 дзён.

Нагадаем, 23 лістапада Высокі прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і Камісар ЕС па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле назвалі абвінавачанні, па якіх судзяць Бяляцкага, палітычна матываванымі. Таму яны заклікаюць неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага і зняць абвінавачанні, высунутыя супраць яго і яго паплечніка Валянціна Стэфановіча.

Пацвярджае гэтую пазіцыю і амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Лешак Шарэпка, каментуючы Еўрарадыё прысуд Алесю Бяляцкаму.

Лешак Шарэпка: “У працэсу ёсць палітычная падаплёка, і мы думаем, што Бяляцкі павінен быць на свабодзе. Улады Польшчы напэўна выступяць з заявай. І я думаю, што будуць заявы іншых краін Еўрасаюза. І, магчыма, яшчэ адна агульная заява ад імя Еўрасаюза”.

Тое, што адпаведная заява будзе з боку літоўскіх уладаў, пацвярджае Еўрарадыё і амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Эдмінас Багдонас. З заклікам да беларускіх уладаў пасля абвяшчэння прысуду звярнуўся і Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

Валянцін Стэфановіч у размове з карэспандэнтам Еўрарадыё ўпэўнівае, што, нягледзячы на верагоднае ў хуткім часе пазбаўленне “Вясны” офіса, яны сваёй працы не спыняць. Але не толькі “вясноўцаў” чакаюць цяжкасці. Згодна са словамі кіраўніка Беларускага Хельсінскага камітэта Алега Гулака, гэты працэс — сігнал розным структурам, што “сезон палявання” на праваабаронцаў распачаўся.

Алег Гулак: “Гэта можа быць расцэнена як сігнал пачатку жорсткіх рэпрэсій супраць праваабаронцаў. Мы добра разумеем, што гэта ціск на ўсіх нас. Але гэта могуць успрыняць як сігнал і рознага кшталту дзяржаўныя структуры — а гэта яшчэ горш”.

На гэтым суды над праваабаронцамі не скончыліся — 2 снежня працягнецца працэс над паплечнікам Бяляцкага Валянцінам Стэфановічам. Прычым, на гэты дзень прызначаныя адразу два судовыя пасяджэнні з удзелам праваабаронцы: а 10 гадзіне будзе слухацца пазоў да яго з боку падатковай інспекцыі за нібыта нясплачаныя падаткі. А ў 11.30 — пазоў Стэфановіча аб прызнанні незаконным выпісаны яму інспекцыяй па падатках і зборах штраф у 4 мільёны 750 тысяч рублёў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі