Вася Абломаў павёз беларусаў у Магадан пад крыкі “Жыве Беларусь!” (відэа)

Днямі ў сталічны Re:public завітаў новы гуру расійскай альтэрнатывы – Вася Абломаў. Усе чакалі аншлагу і даўжэзных чэргаў, а сабралася толькі палова залы. Затое прыйшлі тыя, хто насамрэч хацеў прыйсці.

“Я магу ім пажадаць толькі бадзёрасці духу і каб яны трымаліся. Кажу, пра Лукашэнку ведаю недастаткова для таго, каб пісаць пра яго. Неяк я пра яго не думаю. Я ж не па замове пішу песні. Але калі прыйдзе ў галаву, то і напішу, а не – то не”, -- расказваў Вася перад канцэртам Еўрарадыё.

Песень пра Лукашэнку публіка насамрэч не дачакалася. Але без “палітыкі” не абышлося. Перад галоўным сваім хітом Абломаў падхапіў з залы “Жыве Беларусь”, выцягнуў на сцэну некалькі дзяўчат і разам з імі павёз усіх у Магадан. Глядзелася гэта феерычна.

Яшчэ былі песні пра міліцыянтаў і нават пра прэзідэнта. Але ніхто іх спяваць не перашкаджаў. Некаторыя гледачы гэтаму шчыра здзіўляліся.

Спяваў Абломаў гадзіны паўтары. Праз абмежаванасць матэрыялу яму давялося тры-чатыры песні сыграць па два разы. Публіку гэта не засмуціла.

“Выдатна! Усё вельмі жывое, цікавае. Вельмі па-сямейнаму. А людзей мала прыйшло таму, што спадар Абломаў для большасці – проста выканаўца адной песні – “Еду в Магадан”, – гаварылі адны.

І захапляліся іншыя: “Вася Абломаў пракачаў залу! Прыйдзем і яшчэ. А людзей мала было таму, што спявае ён не пра тыя праблемы, якія ў нашай краіне існуюць, а пра свае, расійскія”


Карацей, канцэрт атрымаўся. Нават са спевамі пра расійскія праблемы. Арганізатарам наступнага прыезду Абломава ў Мінск варта больш часу прысвяціць рэкламе мерапрыемства. Калі яны не пабаяцца яго яшчэ раз прывезці, вядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі