Варламаў: Прашу Бога ўзяць маё жыццё ў сваю ўладу

“Я атрымаў два твае лісты з-за мяжы. Якая надзвычайная скульптура Багародзіцы! Нічога падобнага раней не бачыў і нават не ўяўляў сабе. Але людзі паўсюль розныя, а пачуцці ва ўсіх чалавечыя, але цалкам розныя. Нечакана, незвычайна, цудоўна! І ты вельмі правільна заўважыла, што самая лепшая вера ў Бога, гэта правільнае жыццё ў адносінах да іншых людзей”, — піша ў сваім лісце з турмы да дызайнера Людмілы Лабковай Саша Варламаў.

Па напісаным заўважна, што ў зняволенні мадэльер стаў вельмі веруючым чалавекам. Варламаў прыгадвае і будучыя суды, піша пра праблемы са здароўем:

“4 лютага пачынаюцца суды. Ужо хутка. Як гэта будуць вазіць, абязбольваць чымсьці будуць. Вось тут ужо як Бог моцы дасць, тады яна і з’явіцца. А планаў Божых не ведае ніхто і шляхоў іх рэалізацыі”.

Вядома, што ў мадэльера праблемы са спінай, яму зрабілі аперацыю на пазваночніку, а да таго, як трапіць у турму, ён меў трэцюю групу інваліднасці. Сяброўка Варламава — дызайнер Людміла Лабкова, з якой перапісваецца мадэльер, — хвалюецца: ці будзе ён хадзіць?

Людміла Лабкова: Яму не далі рэабілітавацца пасля аперацыі. І ніхто нічога не здолеў зрабіць. Я так разумею, што яму коляць абязбольвальныя. Невядома, як ён будзе хадзіць. Але ўсё ж спадзяюся, што будзе”.

Не забывае Варламаў і пра “Млын моды”, і вельмі цешыцца, што праект працягвае жыць, гаворыць Людміла Лабкова:

“Ён цікавіцца “Млынам моды”, ён рады, што ён прайшоў, і прайшоў нядрэнна. Але і рабілі ж гэта яго вучні. Вядома, ён перажывае, бо паклаў на гэта палову жыцця”, — гаворыць Людміла і дадае, што месяц таму выслала Сашу Варламаву сем лістоў. Людміла непакоіцца, што мадэльер пачаў курыць.

У турме Варламаў шмат чытае. У лістах на быт не скардзіцца. Праз кожныя некалькі радкоў у сваім лісце мадэльер узгадвае Бога.

“Апошні час, як мне падаецца, я досыць шмат разумных кніг прачытаў. Асноўная думка, якую я з іх вынес, гучыць так: “Калі не хочаш шкадаваць пра зробленыя глупствы, то цалкам пакладзіся на Волю Божую, ва ўсім цалкам даручыся Яму. Аддай Яму сябе". Вось і я зараз прашу Бога — гэта асноўная мая просьба — узяць маё жыццё ў Сваю уладу, падпарадкаваць мяне Свайму прадбачанню”, — піша Саша Варламаў.

Мадэльера вінавацяць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. У іх ліку махлярства ў асабліва буйным памеры, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры, прыўлашчванне маёмасці, ухіленне ад выплаты падаткаў, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

У Следчым камітэце кажуць, што ў якасці сведак па крымінальнай справе дапытаныя больш за 800 чалавек. Саша Варламаў знаходзіцца за кратамі з 20 траўня 2011 года.

Фота 1: ultra-music.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі