Вайцюшкевіча і Кулінковіча не пусцілі на вуліцу... з-за іх прафесіяналізму

Зміцер Вайцюшкевіч і Аляксандр Кулінковіч не выступяць на Свяце вулічных музыкаў, таму што яны – добра вядомыя прафесіяналы. Менавіта гэтым патлумачыў адсутнасць рокераў у раскладзе Свята адзін з арганізатараў імпрэзы першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Юры Чачукевіч.

Юры Чачукевіч: “Я лічу, што для гэтых музыкаў ёсць дастатковая колькасць фэстаў і ў Рэспубліцы Беларусь і за мяжой, дзе яны будуць запатрабаванымі, дзе яны выступаюць. У іх сёння ёсць магчымасць сябе праяўляць. Тут не для прафесіяналаў”.

Адна з мэт арганізатараў Свята вулічнай музыкі – даць дарогу маладым і непрафесійным музыкам. Праўда, біяграфіі удзельнікаў, змешчаныя на старонцы Свята www.streetmusic.by, сведчаць пра тое, што некаторыя з іх – не толькі прафесіяналы, але і лаўрэаты фестываляў. Напрыклад, трыа Паліны Гарбар, дудар Андрэй Мароз, цымбаліст Міхаіл Сіняк, гурты Re1ikt, The Silicon.

Нагадаем, дзеля ўдзелу ў Свяце вулічнай музыкі ўсе ахвотныя мусілі запоўніць анкеты на сайце, пазначыўшы свой стыль, заслугі і падрабязна распісаўшы рэпертуар. На такія меры арганізатары пайшлі, кажа Юры Чачукевіч, каб “пазбегнуць негатыўнага ўплыву на моладзь і грамадства з боку несвядомых грамадзян”.

Юры Чачукевіч: “Мы ўсе выдатна ведаем формулу “сэкс, наркотыкі, рок-н-рол. Некалі яна была актуальнай. Аднак разам з тым мы павінны разумець, што падчас Свята горада ў Траецкае прадмесце прыйдуць і маленькія дзеці з бацькамі, і студэнты. І, вядома, мы павінны гарантаваць, што там будзе менавіта творчасць, музыка, якія не паўплываюць на іх светаўспрыманне і не будуць заклікаць іх да тых рэчаў, якія сёння негатыўна ўспрымаюцца ў нашым грамадстве”.

Па словах каардынатара праекта Веранікі Паўлоўскай, аргкамітэт Свята вулічнай музыкі з сотні пададзеных заявак абраў 55 гуртоў і музыкаў.

Вераніка Паўлоўская: “Праект сапраўды выклікаў вялікую цікавасць у жыхароў і моладзі Мінска. Нам было пададзена больш за 100 заявак. Аднак па прычыне таго, што Траецкае прадмесце вельмі кампактнае і невялікае, мы, на жаль, не зможам задаволіць іх усе адразу ў гэтым годзе. Таму было адабрана з іх 55. Гэта тыя заяўкі, якія не патрабавалі нейкага максімальнага тэхнічнага райдэра, тыя заяўкі, якія прыходзілі першымі і нешта больш цікавае і нетрывіяльнае для нашага грамадства”.

Свята вулічнай музыкі пройдзе ў Мінску падчас Дня горада 10 верасня. Яго эпіцэнтрам стане Траецкае прадмесце. Музыкі і гурты размесцяцца на сямі мінісцэнах, падзеленых па жанрах. Праўда, адкрываць куфар ці класці шапку падчас свайго сэта музыкам нельга. Аднак Юры Чачукевіч абяцае, што ў будучым ўлады плануюць пайсці насустрач вулічным музыкам.

Юры Чачукевіч: “Заўтра ў нас нельга будзе зарабіць. Чаму? Таму што ўсё-такі гэта свята – Свята вулічнай музыкі. Калі сёння ў нас усё атрымаецца, і будзе цікавасць з боку гледача, мы будзем выступаць з ініцыятывай, каб у Траецкім прадмесці выдзеліць нейкую зону для вулічных музыкаў на пастаяннай аснове. І тады, магчыма, можна будзе ставіць пытанне пра футляры, куфры, шапкі і гэтак далей”.

Галоўны ідэолаг Дня вулічнай музыкі ў Літве рок-музыка і прадзюсер Андрыюс Мамантавас глядзіць на мінскі варыянт як на “першы блін”, малюе псіхадэлічныя малюнкі падчас прэс-канферэнцыі і марыць пра Сусветны Дзень вулічных музыкаў.

Андрыюс Мамантавас: “Галоўная задума, каб у адзін дзень увесь рэгіён, у якім мы жывем, граў на вуліцах. Мы б звярнулі на сябе ўвагу ўсяго свету. А калі б у адзін дзень свет выйшаў на вуліцы граць, свет бы змяніўся адразу”.

Свята вулічнай музыкі пачнецца ў 13 гадзін і працягнецца да васьмі вечара. Апроч мінскіх музыкаў у ім возьмуць удзел музыкі з Наваполацка, Маладзечна, абласных цэнтраў і дзевяцігадовая дзяўчынка з Вільні. Сваё майстэрства таксама пакажуць школы самба, аргентынскага танга, капуэйры, дыджэяў, пластычная студыя, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Завершыць свята фаер-шоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі