Уладзіміра Макея пусцяць у Еўрасаюз на паўгода?
У Еўрасаюзе абмяркоўваюць, што рабіць з неўязным міністрам замежных справаў Беларусі.
7-8 лютага ў Брусэлі пройдзе саміт Еўрапейскага Савета. У папярэднім парадку дня саміта афіцыйна беларускае пытанне не значыцца. Аднак еўрапарламентарый ад Літвы Юстас Палецкіс выказвае думку, што еўрачыноўнікі могуць узняць пытанне пра ўязную візу на тэрыторыю Еўрасаюза для Уладзіміра Макея.
Яны мяркуюць, што Макея, паводле ягонага статусу, трэба зрабіць уязным у Еўрасаюз. Маўляў, менавіта з кіраўніком МЗС трэба найперш размаўляць пра дэмакратызацыю Беларусі.
Аднак ёсць і супрацьлеглая думка: выкрэсліванне Макея з "чорнага спісу" будзе пададзеная Аляксандрам Лукашэнкам як перамога беларускага рэжыму, адзначае Радыё "Свабода".
Апошнім часам з'явіўся трэці варыянт, пра які кажуць замежныя дыпламаты, якія працуюць у Беларусі. З Макея могуць зняць візавыя абмежаванні толькі на паўгода. Калі ў Беларусі адбудуцца станоўчыя зрухі, то візавую забарону можна будзе адмяніць цалкам. У іншым разе, Макея зноў вернуць у статус неўязнога ў Еўрасаюз.
Ёсьць і чацвёрты варыянт — Макея ўвогуле не згадаюць у Брусэлі. І ўсё застанецца так, як ёсць сёння.
Фота — ctv.by