Блогеры: "Дзе план, Уладзімір Пракопавіч?!" (фота)

Яшчэ перад снежаньскімі выбарамі, калі Ўладзімір Някляеў сустракаўся з блогерамі, ён развітаўся словамі “Сустрэнемся ў студзені на Карла Маркса”. Але памыліўся і з месяцам, і з адрасам. Бо меў на ўвазе рэзідэнцыю прэзідэнта, а не кавярню “Грунвальд”. Дзе 31 траўня адбылася наступная сустрэча Ўладзіміра Някляева з блогерамі.

Блогераў прыйшло адносна няшмат, але пытанні яны задавалі самыя розныя. Найбольш іх цікавілі планы Някляева наконт кампаніі “Гавары праўду!”. Палітык паўтарыў, што яго прыярытэт зараз — гэта вызваленне палітвязняў. І паведаміў, што разглядае пытанне ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, але не ў якасці кандыдата ў дэпутаты, бо мае судзімасць. Цалкам верагодна, што “Гавары праўду!” будзе падтрымліваць пэўных іншых кандыдатаў. "Удзельнічаць у парламенцкай кампаніі — не значыць ісці на выбары", — дадаў Някляеў, маючы на ўвазе магчымасць актыўнага байкоту.

Сярод гасцей сустрэчы былі Марк Бернштэйн (pessimist2006), Яўген Курленка (gugiens), Антон Матолька (toxaby), Яўген Ліпковіч. Апошні прыйшоў у сваёй фірмовай майцы “ШОС!”, і, як сапраўдны блогер, увесь час спрабаваў справакаваць Някляева на шчыраванні. Маўляў, навошта імкнуцца да перамоваў з беларускім урадам, калі вынік усё роўна будзе адзін — "бамперам па галаве"?

Былы кандыдат у прэзідэнты растлумачыў, чаму ён усё ж імкнецца весці перамовы з Лукашэнкам. З яго словаў, стратэгія руху "Гавары праўду" зараз — кампраміс да канца.

“У краіны ёсць 4 варыянты: варыянт Аміна (агрэсія звонку), варыянт Чаушэску (калі караюць свае), варыянт Кучмы (калі чалавека сам сыходзіць з пасады, бо разумее, што больш не ў стане кіраваць) і варыянт Ярузэльскага (калі чалавек, які праводзіць дыктатуру, ідзе на рэформы). Я ўзважваю гэтыя 4 варыянты… І апошні з іх мне ўсё ж падабаецца больш”, — сказаў Някляеў.

Пры канцы сустрэчы Ліпковіч падарыў Фядуту цішотку "ШОС!". Яна спадабалася самаму вядомы пушкініст краіны настолькі, што ён вырашыў пайсці ў ёй у суд па пашпарт, які яму мусяць аддаць у першы дзень лета. У адказ Някляеў прэзентаваў блогеру значкі ад кампаніі "Гавары праўду".

tsikhan (справа)

feduta

adelka i lipkovich

Марк Бернштейн

lipkovich

gugiens

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі