Украінскага амбасадара нечакана выклікалі ў Кіеў

Амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Рамана Бязсмертнага нечакана выклікалі ў Кіеў у Міністэрства замежных спраў. Позна ўвечары 2 чэрвеня ён быў запрошаны ў эфір украінскага тэлэканалу ТВі. Як паведаміў вядучы праграмы Мікалай Княжыцкі, планавалася, што інтэрв'ю з Раманам Бязсмертным будзе адбывацца з Мінску праз Skype. Прычыны выкліку не агучылі ані амбасадар, ані вядучы праграмы, гаворка ў якой ішла пра валютны і спажывецкі крызіс у Беларусі.

Спадар Бязсмертны заявіў, што Беларусь найхутчэй атрымае крэдыт Стабілізацыйнага фонду ЕўрАзЭС у памеры трох мільядаў долараў:

"Крэдыт ад Стабілізацыйнага фонду ЭўрАзЭС будзе вырашацца 4 чэрвеня ў Кіеве. Зусім хутка. Якое рашэнне будзе прынята — я не магу заўчасна прагназаваць, але паводле дадзеных, якія у нас ёсць, яны набліжаюцца да прыняцця пазітыўнага рашэння па выдзяленні трох мільярдаў крэдыту, на бягучы год — 1 мільярд 240 мільёнаў з адтэрміноўкай на 10 гадоў".

Але, на ягоную думку, гэты крэдыт з'яўляецца недастатковым для выхаду з эканамічнага крызісу, у які патрапіла Беларусь пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года.

"Пры такім дэфыцыце, пры наяўнай запазычанасці Рэспублікі Беларусь за спажытыя энергарэсурсы перад Расійскай Федэрацыяй — гэта кропля ў моры. На дадзены час амаль завершана працэдура куплі-продажу "Белтрансгазу" на карысць "Газпраму", але там таксама вісіць вялікая запазычанасць. Верагодна, што гэтыя аперацыі будуць прадаўжацца", — адзначыў украінскі дыпламат.

Нагадаем, сёлета ў лютым міністр замежных спраў Украіны Канстанцін Грышчанка ўжо крытыкаваў Рамана Бязсмертнага, які "насуперак дыпламатычнай этыцы", дазволіў выказаць сваю асабістую думку пра недэмакратычнасць прэзідэнцкіх выбараў ў Беларусі. Тады Канстанцін Грышчанка сказаў: "Ва Ўкраіне этыка дыпламатычнай службы не дазваляе выступаць з заявамі ад уласнага імя. Гэта азначае, што калі чалавек ідзе на дыпламатычную службу, ён павінен свае асабістыя погляды пакінуць у сябе дома".

А ўжо ў траўні, літаральна два тыдні таму, фракцыя камуністаў у Вярхоўнай радзе выказала сваю незадаволенасць тым, як Раман Бязсмертны выконвае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі. Нагадаем, што цяперашні дыпламат быў прызначаны на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Украіны ў Беларусі напрыканцы сваёй кадэнцыі папярэднім прэзідэнтам Ўкраіны Віктарам Юшчанкам.

Фота — belmarket.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі