КДБ затрымала трох чалавек за выбух у Віцебску


Відавочца выбуху ў Віцебску: Жудасна грымнула. Падумалі, што гэта газ. Рэпартаж Еўрарадыё з Віцебска, дзе ля будынка КДБ прагрымеў выбух.

16.10. Наш карэспандэнт Алесь Пілецкі зрабіў гэтыя здымкі каля віцебскага ўпраўлення КДБ. Яму забаранялі іх рабіць, перашкаджалі працаваць. Дарэчы, ён знайшоў жанчыну, якая бачыла меркаваных злачынцаў. Сачыце за абнаўленнямі на нашым сайце.

***

14.03 Братоў Мурашак за віцебскі выбух не затрымоўвалі

Кватэру, дзе жыве старэйшы брат, ніхто з праваахоўнікаў не наведваў.

Маці братоў Мурашак Валянціна кажа Еўрарадыё, што да іх ніхто не прыходзіў, а сыны зараз на працы. Пра выбух даведаліся з інтэрнэту.

Валянціна Мурашка: "Ніхто не прыходзіў, не затрымлівалі, нічога не было. Звычайна, так. Нават калі ў Мінску быў выбух (3 ліпеня) нават пасярод ночы прыйшлі правяраць маіх хлопцаў, а цяпер нічога не было".

Нагадаем, што раней браты Мурашкі былі затрыманыя і абвінавачваліся за выбухі ў ВІцебску ў 2005 годзе. Пасля паўгода ў СІЗА іх адпусцілі, усе абвінавачанні з іх знялі.

Віталь Мурашка ўсе гэтыя гады не выходзіў адзін у горад, хадзіў толькі да знаёмых прадаўцоў, збіраў усе чэкі, а на святы выязджаў за горад у вялікай кампаніі. Такім чынам хлопец забяспечваў сабе алібі. Міліцыянты пасля выбуху любой петарды адразу ішлі да яго.

У гэтым Віталь прызнаецца Еўрарадыё пасля абвяшчэння прысуду Канавалаву і Кавалёву:

"Я ўсе гэтыя гады быў пад вялікім псіхалагічным ціскам. Я баяўся з'явіцца ў горадзе, дзе шмат людзей, адзін, без сведкаў. Я збіраў (можа, вы будзеце смяяцца) чэкі з тых крамаў, дзе нешта набываў. Стараўся хадзіць да знаёмых прадаўцоў, якія памятаюць мяне ў твар. І гэта адыграла сваю ролю: калі да мяне прыйшлі пасля 3 ліпеня 2008 года, у мяне было алібі — я акурат набываў у шапіку праз дарогу нешта, і ў мяне быў чэк. А ўсе гэтыя святы 9 Мая, Дзень незалежнасці, Новы год — гэта ўвогуле жах! Лепш дзе-небудзь як мага далей ад горада сабрацца ў кампаніі чалавек 10 — не менш! Каб было ўсё нармальна".

***

11.43 Віцябляне: Мы баяліся, што выбух вынесе нам шыбы

Некаторыя жыхары дома каля віцебскага КДБ нават падумалі, што пачалася вайна.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў праваабаронца з Беларускага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў.

Левінаў: "Мне ўдалося паразмаўляць з жыхарамі дома, якія жывуць на першым паверсе. Яны мне сказалі, што выбух быў вельмі страшны, што выбуховая хваля дайшла да іх шыбаў, але іх шыбы ўстоялі супраць выбуховай хвалі. А адна пажылая жанчына сказала, што думала, быццам вайна пачалася".

Пра траіх затрыманых за выбух праваабаронца нічога даведацца не змог. Левінаў кажа, што спрабаваў трапіць на прыём да кіраўніцтва віцебскага КДБ, каб даведацца, ці трэба затрыманым юрыдычная або медычная дапамога. Аднак спробы былі марнымі.

***

10.37 КДБ затрымаў трох чалавек за выбух у Віцебску

Сам выбух характарызуецца як хуліганства.

У афіцыйным паведамленні на сайце КДБ гаворыцца, што каля 19 гадзін каля віцебскага ўпраўлення КДБ адбыўся выбух. Узарвалася прымітыўнае самаробнае піратэхнічнае прыстасаванне. Выбух пашкодзіў два акны будынка.

Паводле папярэдніх ацэнак, гэта быў кардонны ці пластмасавы тубус, начынены 50-70 грамамі піратэхнічнай сумесі і змешчаны ў бляшанку ёмістасцю 0,25-0,33 л без паражальных элементаў.

Па справе выбуху ўжо затрыманыя тры чалавекі. Як паведамляе КДБ, адзін з затрыманых мае вонкавыя прыкметы адхілення ад звычайных паводзін і раней тэлефанаваў у КДБ з некарэктнымі выказваннямі на адрас органаў улады.

З нагоды выбуху пачалі крымінальную справу паводле арыткула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).

***

9.42 Да будынку КДБ у Віцебску не прапускаюць нікога

Не пусцілі нават паштовую машыну, якая звычайна пад'язджала да ганку.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў віцебскі праваабаронца Павел Левінаў. Па яго словах, тэрыторыя перад будынкам КДБ ачэпленая міліцыянтамі. Да будынка нікога не прапускаюць. Дазваляюць прайсці толькі самімі кадэбістам пасля прад'яўлення службовага пасведчання.

Левінаў: "Не прапусцілі нават паштовую машыну, якая дастаўяла карэспандэнцыю у будынак КДБ. Звычайна ён пад'язджаў да ганка, а тут — ён бегаў туды пешшу, адносіў карэспандэнцыю".

Па словах Левінава, каля правага крыла будынка КДБ нацягнутая абмежавальная стужка. Праўда, ці ёсць там нейкія пашкоджанні, разгледзець немагчыма.

У сацсетках пішуць пра вялікую колькасць затрыманых віцяблянаў — каля 50 чалавек. Аднак праваабаронца кажа, што не заўважыў, каб у райаддзеле было шмат затрыманых. Калі б затрыманых было больш за 10 чалавек, гэта было б заўважна, адзначае Левінаў.

***

9.15 Упраўленне МНС Віцебска: Мы пра выбух ля КДБ нічога не ведаем

Афіцыйнай інфармацыі аб начным здарэнні ля будынка КДБ у Віцебску пакуль няма.

“Мы нікуды не ездзілі і нічога паведаміць вам не можам. Звяртайцеся ў КДБ”, — паведамлілі карэспандэнту Еўрарадыё ў абласным упраўленні МНС па Віцебскай вобласці.

У КДБ інфармацыю аб выбуху таксама не падцвярджаюць. Паведамленні аб здарэнні з’явілася ўначы у сацыяльных сетках. Жыхары Віцебска паведамляюць, што частка будынка па адрасе Савецкая, 18, які займаюць спецслужбы, агароджаная.

У сацыяльных сетках ёсць інфармацыя і пра затрыманых.

***

Звесткі пра выбух з'явіліся ў сацыяльных сетках каля 2-й гадзіны ночы. Паведамлялася, што каля будынка КДБ адбыўся выбух і што затрымліваюць мінакоў-хлопцаў у чорных куртках з капюшонамі.

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў каля 3.40 раніцы пабачыў каля будынка абласнога ўпраўлення КДБ па вуліцы Савецкай абмежавальныя стужкі. Каля будынка стаяў службовы аўтобус, у вокнах гарэла святло. Перад будынкам былі некалькі чалавек у цывільным, тэрыторыю ахоўвалі міліцыянты ў форме. Відавочных пашкоджанняў будынка праваабаронца не заўважыў, перадае Радыё "Свабода".

У міліцыі Левінаву адмовіліся пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю пра якое б там ні было здарэнне.

Нагадаем, што ў выбухах 2005 года ў Віцебску абвінавацілі Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва,

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі