У справе віцебскіх выбухаў знайшліся несупадзенні
Адвакаты Канавалава і Кавалёва знаходзяць у абвінавачваннях і матэрыялах справы дзіўныя разыходжанні.
Згодна з абвінавачаннем, у снежні 2000 года Дзмітрый Канавалаў па змове з Уладзіславам Кавалёвым здзейсніў выбух у другім пад'ездзе дома 7 па вуліцы 1-ай Бядулі ў Віцебску. У выніку былі пашкоджаныя аконныя рамы паміж 4 і 5 паверхамі, дзверы адной кватэры і выбіта шкло ў пад’ездзе. Страты ацанілі ў 54 651 рубель.
Але ў адказ на запыт пракуратуры ЖЭУ піша, што ў гэтым пад'ездзе… не было ніякага выбуху. Менавіта такі адказ зачытвае на судзе адвакат.
ЖЭУ: "Паводле журналаў рэгістрацыі пісьмовых і вусных зваротаў па ЖЭУ з 2000 па 2002 год, у наш адрас ад жыхароў дамоў 7 па вуліцы 1-ай Бядулі і 22-3 па вуліцы 39-й Арміі не было зваротаў і заяваў аб пашкоджанні і знішчэнні маёмасці ў пад'ездах, падвалах і лесвічных клетках шляхам падпалаў і выбухаў. Сіламі ЖЭУ рамонтныя работы і афарбоўкі не праводзіліся".
Наступнае абвінавачванне: у доме 22-3 па вуліцы 39-й Арміі ў Віцебску Канавалаў у 2001 годзе разам з Кавалёвым і Румянцавым здзейснілі выбух. У выніку — выбітыя шыбы паміж 4 і 5 паверхамі, нанесеная шкода на суму 15 340 рублёў.
Гэта ўсё ў абвінавачанні ёсць! Сумы пашкоджанняў падлічаныя да 40 рублёў. Хаця ў адказе на другі запыт пракуратуры ЖЭУ кажа, што рамонт не праводзіўся, скаргаў на выбухі не было.
"У перыяд з 2000 па 2006 замена вокнаў не праводзілася ў гэтых дамах. Згодна з журналамі рэгістрацыі, паведамленняў ад жыхароў указаных дамоў не было", — цытуе адказ ЖЭУ адвакат.
Дарэчы, Еўрарадыё сфатаграфавала замененае шкло ў пад'ездах абодвух дамоў. І іх жыхары распавядаюць нам пра выбухі:
"У нашым пад'ездзе, бачыце, вокны новыя стаяць. Выбух быў сур'ёзны, мы думалі, што ў некага пліта ўзарвалася. Усе выскачылі, задымлена было цалкам. Я жыву на 4-м паверсе, мае вокны справа. Зверху шкло павылятала, вось іх памянялі на новыя", — гаворыць жыхар дома. Але не ўзгадвае, калі шкло замянілі.
Займацца заменай вокнаў павінен ЖЭУ. Але ў лісце ЖЭУ ў пракуратуру камунальнікі не ўзгадваюць пра праблемы з вокнамі:
"Лесвічныя клеткі і падвалы гэтых дамоў з'яўляюцца месцамі агульнага карыстання. Рамонты іх праводзіць ЖЭУ і ўтрымлівае маёмасць у тэхнічна спраўным стане".
Калі быў выбух і ЖЭУ не мяняла шыбы, значыць да 2006 года шкла ў пад'ездах не было? А тут з'явілася не толькі новае шкло, а нават новыя рамы!
Кіраўнік ЖЭУ кажа Еўрарадыё, што тады не працаваў і калі ставілі новыя вокны, не памятае. А жыхаркі аднаго з дамоў узгадалі, што гэта было… не так даўно.
Паводле версіі абвінавачання, летам 2002 года тая ж кампанія здзейсніла выбух, якім вынесла шкло ў бібліятэцы. Гэтым яны “груба парушылі грамадскі парадак і выказалі яркую непавагу да грамадства, а таксама аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкама, нанеслі шкоду на суму не менш за 181 850 рублёў”.
Але вось гэты самы аддзел культуры адказвае на запыт пракурора:
"Паводле бухгалтарскіх дакументаў і апытання супрацоўнікаў бібліятэчнай сістэмы, выпадкаў наўмыснага пашкоджання вітражных шыбаў на фасадзе будынка бібліятэкі з 2000 па 2003 НЕ БЫЛО. У верасні 2004 года меў месца выпадак знішчэння шкла агульнай плошчы 11,6 метраў квадратных. Замена шкла праводзілася штатнымі рабочымі, без аплаты замены шкла".
Тады адкуль у абвінавачання з'явілася тая шкода ў 2002 годзе?
Пасля запыту пракуратуры аддзел культуры размаўляў з супрацоўнікамі наконт пашкоджанага шкла ў 2002 годзе, і тыя нічога не прыгадалі. А пасля візіту следчых супрацоўніцы бібліятэкі ўжо ўзгадваюць, што шкло нехта сапраўды пашкодзіў і распавядаюць пра гэта Еўрарадыё.
"Гэта самі таварышы распавялі (абвінавачаныя Кавалёў і Канавалаў — заўв. Еўрарадыё), што яны тут выпрабоўвалі і паказвалі, якое акно. А потым пераправяралі, ці сапраўды яно было разбітае. Яны тут вучыліся, гэта з іх размоў. Яны давалі такія паказанні, што, нібыта, тут выпрабоўвалі. Шкло было трэснутае ў нас, дзірка была. У нас шмат разоў вокны білі".
І нават узгадваюць, якога выгляду была дзірка ў шкле амаль 10 год таму:
"А тут сапраўды цікава было, дзірка такая і напалам раскалолася. Адкуль вышук можа ведаць, што такое было? Што такая бібліятэка і акно? Гэта з іх сведчанняў".
Дарэчы, згодна з дадзенымі, якія атрымала следства, у 2000 і 2001 гадах падпалы і выбухі ў Віцебску на вуліцы 39-й Арміі адбываліся сістэматычна і там нават пастаянна дзяжурылі супрацоўнікі МНС.
Але адказ віцебскіх ратавальнікаў пракурору таксама дзіўны:
"Згодна з базамі ўліку пажараў за 2000-2001 гады, падпалаў у пад'ездах жылых дамоў у гэтым раёне не зарэгістравана. Таксама паведамляем, што дзяжурства супрацоўнікаў МНС не ажыццяўлялася".
Адвакат Уладзіслава Кавалёва зачытаў гэта на судзе, ацэнка будзе падчас спрэчак і пры вынясенні прысуду.