У нясвіжскую ратушу вярнуўся адноўлены штандар уланаў (фота)

Аднавілі страчаны ў часе вайны штандар 27-га палка ўланаў Войска Польскага майстрыхі з польскіх Катавіцаў. Зроблена гэта было дакладна і пільна, паводле старых здымкаў, малюнкаў, успамінаў (збор інфармацыі працягваўся каля двух гадоў). Ветэраны полку ўланаў засведчылі: адноўлены штандар цалкам адпавядае арыгіналу.

27-ы полк базаваўся ў Нясвіжы доўгі час да прыходу бальшавікоў у 1939 годзе. Некалькі гадоў таму было знойдзена дрэўка ад штандара — найвялікшай рэліквіі кожнага вайсковага фармавання. На дрэўку захавалася шмат бляшаных таблічак з імёнамі людзей, якія мелі дачыненне да дзейнасці полка. Цяпер яно захоўваецца ў нясвіжскай ратушы-музеі, дзе яго можа ўбачыць кожны наведнік.

У мінулую нядзелю прадстаўнікі польскага Таварыства нясвіжан (выхадцаў з Нясвіжу) урачыста перадалі рэканструяваны штандар у нясвіжскую ратушу, дзе яго прымацавалі да дрэўка. Ажыццяўляў перадачу рэліквіі палкоўнік Войска Польскага Анджэй Крывчэк. У цырымоніі ўдзельнічаў сын аднаго з уланаў — Ежы Фалькоўскі. Адноўлены штандар заняў пачэснае месца сярод экспанатаў музея ў ратушы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі