У Мінску затрымлівалі дзесяткі ўдзельнікаў "Ліцвінскага клуба"

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў палітык Віталь Рымашэўскі. Паводле яго слоў, увечары ў сераду спецназаўцы ўварваліся на паседжанне "Ліцвінскага клубу", якое адбывалася ў прыватным памяшканні ў Загарадным завулку.

Віталь Рымашэўскі: "У мяне там адзін са знаёмых. Атрымаў СМС ад яго з просьбай аб дапамозе. Зараз іх усіх "пагрузілі" ў аўтобус. У апошнім СМС ён паведаміў, што ім спрабуюць інкрымінаваць наркотыкі".

120208 RymasheuskiS.MP3

Рымашэўскі паведаміў, што па яго звестках на месца прыехалі тры аўтобусы са спецназаўцамі. Яны затрымалі каля 40 чалавек. Паводле інфармацыі, якую атрымаў Віталь Рымашэўскі, усіх затрыманых прывезлі ў Маскоўскі РУУС і яны знаходзіліся там у актавай залі, аднак дзяжурны гэта спачатку адмаўляў. Таму Рымашэўскі напісаў заяву, "што ў цэнтры Мінску зніклі людзі".

Праз некалькі гадзінаў затрыманых адпусцілі.

Вядома, што "Ліцвінскі клуб" — гэта дыскусійная пляцоўка. Сёння яны сабраліся, каб абмеркаваць кнігу Францішка Аляхновіча "У капцюрох ГПУ". Нагадаем, Аляхновіч распавёў у гэтай кнізе пра сваё знаходжанне ў сталінскіх турмах і канцлагерах.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі