У Мінску прэзентавалі фільм “Беларуская мара” (ВІДЭА)

Увечары 6 лістапада ў “Галерэі “Ў” адбылася прэзентацыя тэлефільма “Беларуская мара”. Стужка журналісткі Каці Кібальчыч, знятая ў фармаце расійскіх дакументальных тэлефільмаў, распавядае пра перадумовы і падзеі 19 снежня, пра спадзевы і наступствы гэтага дня. Але перадусім “Беларуская мара” прысвечаная беларусам — мірным людзям, чые сэрцы наіўна адданыя абяцанням лепшага жыцця.

10 гадоў таму мы з Кацяй Кібальчыч вучыліся на адным курсе журфака БДУ. Менавіта яе сюжэт адкрываў самыя першыя “Наши новости”, з якіх пачынаўся тэлеканал АНТ. Тады я і не марыў аб працы на тэлебачанні ці на радыё, і вельмі зайздросціў ёй. Па-добраму зайздрошчу і зараз: я хацеў бы зняць такі фільм. Пра беларусаў, пра Мінск, пра дыктатуру і свабоду, пра сябе і пра яе.

У першых кадрах фільма — Мінск, савецкі і беларускі. “Не горад, а дэкарацыя для нейкага фільма, дзе здымкі ўжо скончыліся”. Мы знаёмімся з лірычным героем стужкі — мінчуком гадоў 35, вуснамі якога Каця Кібальчыч, па сутнасці, распавядае пра свой шлях да 19 снежня. У той вечар я бачыў яе на плошчы Незалежнасці. Разам з іншымі людзьмі яе штурхалі і “адціскалі” ад Дома ўрада спецназаўцы ў форме і “цывільныя”. Большасць кадраў для фільма Каця зняла сама.

Таму “Беларуская мара” — гэта не толькі і не проста дакументальны фільм. Гэта сведчанне чалавека, які быў у віры падзеяў, бачыў усё на ўласныя вочы. Верагодна, што гэта нават крыху перашкаджала здымачнай групе: складана ўзняцца над тым, часткай чаго ты быў апошні год, 17 гадоў, 25 гадоў… “Наогул фільм добры тым, што тут нічога не кажацца наўпрост, акрамя тых рэчаў, пра якія нельга не сказаць наўпрост”, — падзяліўся меркаваннем пра фільм Уладзімір Някляеў. Абагульненняў і высноваў у стужцы сапраўды не стае. Але, думаю, з боку Каці Кібальчыч гэта яшчэ адна праява шчырасці.

Яшчэ адна — таму, напрыклад, што ў фільме выказваецца шмат розных меркаванняў. У кадр трапляюць і людзі, якія падтрымліваюць палітыку беларускіх уладаў. Тут няма акцэнтавана добрых і дрэнных. “Не важна, што я пра іх думаю, пра гэтых [еўрапейскіх] палітыкаў”, — кажа лірычны герой фільма.

І працягвае: “Усё роўна я ім удзячны. Бо самы шчаслівы час з усяго часу, які быў у нашай стабільнай дзяржаве за апошнія 18 гадоў, — гэта восень 2010 года”.

Выбарчая кампанія, 19 снежня, суды, вязні, вызваленні, парад, тэракт, пустыя палічкі крамаў… “Гэта тое кіно, якое паказвае менталітэт беларуса, нас знутры. Тую невытлумачальную рэч, чаму мы 17 гадоў жывем пры Лукашэнку, і чаму 17 гадоў ён мае ўладу”, — кажа былы палітвязень Мікіта Ліхавід, які быў сярод першых гледачоў “Беларускай мары”.

Дарэчы, паглядзець фільм у “Галерэю “Ў” прыйшлі Уладзімір Някляеў з жонкай, Андрэй Дзмітрыеў, Алесь Лагвінец, а прэзентаваў стужку Андрэй Курэйчык.

У бліжэйшы час прэм’еры “Беларускай мары” адбудуцца ў Маскве, Берліне і Варшаве. Неўзабаве аўтары стужкі плануюць выпусціць CD з фільмам і, такім чынам, зрабіць яго дасяжным для шырокай аўдыторыі.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі