У Мінску на працоўным месцы застрэліўся міліцыянт

Здарэнне адбылося ў гарадскім аддзеле міліцыі № 2 Фрунзенскага РУУС на вуліцы Адзінцова ў сталіцы. Загінулы быў аператыўным дзяжурным. Як паведамляе партал tut.by, пра здарэнне на "гарачую лінію" паведаміў ананімны карыстальнік. Ва Упраўленні Следчага камітэта па Мінску заявілі, што крымінальнай справы па дадзеным выпадку ў іх няма, а чуткі яны каментаваць не могуць.

З іншых крыніц tut.by даведаўся, што трагічнае здарэнне адбылося ў ноч з 30 на 31 кастрычніка ў пакоі адпачынку аддзялення. Афіцэр міліцыі стрэліў сабе ў скронь з табельнага пісталета сістэмы Макарава. Ён загінуў імгненна. Побач на суседнім ложку адпачываў эксперт-крыміналіст — куля прайшла навылет літаральна ў некалькіх сантыметрах ад яго. Ён атрымаў сур'ёзны стрэс і давялося з ім працаваць спецыялісту-псіхолагу.

Вядома, што ў загінулага міліцыянта засталіся жонка і двое дзяцей. Што менавіта прымусіла яго звесці рахункі з жыццём, невядома. У сям'і ён не меў праблемаў, не было іх і на працы, дзе лічыўся добрым працаўніком.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі