У Мінску адкрыўся Універсітэт без рэктара, заліковак і сесій

111021 Zybliuk Univer.mp3

Задума стварыць альтэрнатыўны ўніверсітэт узнікла даўно ў групы інтэлектуалаў на чале з Уладзімірам Мацкевічам. Два гады таму працэс актывізаваўся, а сёлета быў здейснены першы сапраўдны набор – больш за 200 чалавек!.. Заняткі адбываюцца пакуль што толькі ў Мінску і Магілёве, але ёсць магчымасць удзельнічаць у іх і дыстанцыйна, у планах – анлайн-трансляцыя лекцый у інтэрнэце.

Гэты праект вельмі амбітны – супрацьпаставіць сябе звыклым беларускім універсітэтам, даць людзям калі не асноўную адукацыю, то грунтоўны дадатак да яе. Людзі сюды не ідуць па дыпломы ці адзнакі, а за пропускі заняткаў тут не сварацца. Што ж прывабіла ўжо больш за 200 беларусаў у Лятучы Універсітэт, і што гэта ўвогуле такое?

“Ад звычайнага беларускага ўніверсітэта наш адрозніваецца тым, што ў нас ёсць выкладчыкі, навукоўцы інтэлектуалы, культурныя дзеячы, якія могуць данесці нешта, што будзе даваць людзям магчымасць мысліць, – гаворыць каардынатар праекту Таццяна Вадалажская. – Але няма заліковак, няма факультэтаў, няма пропускаў, няма дыплому аб прафесіі, які цяпер можна проста купіць”.

Таццяна Вадалажская

Хоць набор і здзейснены – і ён немалы для першага разу – але ахвотныя могуць патрапіць на заняткі і цяпер.

Таццяна Вадалажская: “Патрапіць да нас вельмі лёгка. Трэба зайсці на наш сайт – і паглядзець на тыя курсы ці мерапрыемствы, якія зараз прапануюцца ў межах Лятучага Універсітэту, запісацца ці звязацца з намі – і прыйсці. А колькі часу гэта зойме – столькі, колькі вы гатовы аддаць. Курсы размеркаваныя так, што можна патрапіць на ўсе, але гэта відаць, непатрэбна – бо кожны сваю адукацыйную траекторыю шукае сам”.

Некаторыя семінары праходзяць досыць нязмушана

У Лятучым Універсітэце выкладаюць модныя палітолагі, культуролагі і метадолагі.

“Далучыўшыся да нашых курсаў лекцый, можна паслухаць такіх людзей, як Уладзімір Мацкевіч, палітолагаў Вячаслава Бабровіча і Віктара Чарнова, Андрэя Казакевіча і Аляксея Ластоўскага, –  пералічвае Таццяна Вадалажская. – Такіх культурных дзеячаў, як Міхал Анемпадыстаў, напрыклад. Яшчэ мы плануем серыю публічных лекцый, якія прачытаюць такія грамадскія і культурныя дзеячы, як Сяргей Харэўскі, Алесь Разанаў, Захар Шыбека ды іншыя…”

Лекцыю чытае Уладзімір Мацкевіч

Заняткі праходзяць у зручны час і для тых, хто вучыцца, і для тых, хто працуе – па вечарах два разы на тыдзень. Часам дадаюцца яшчэ нейкія спецыяльныя лекцыі ці майстар-класы. Дарэчы, як высветлілася, у Лятучага Універсітэта няма... рэктара!

Таццяна Вадалажская: “Універсітэт – гэта супольнасць, якая самаарганізуецца. І пакуль наша супольнасць яшчэ не “дасамаарганізавалася” да такой ступені, каб абраць сабе рэктара. А прызначаць рэктара – гэта магчыма толькі ў савецкіх уяўленнях пра ўніверсітэт. Таму рэктара ў нас няма. У нас ёсць той, хто прапанаваў гэтую ідэю – гэта Уладзімір Мацкевіч. Але да рэктара мы яшчэ не дараслі”.

Лятучы Універсітэт аб'ядноўвае людзей розных узростаў, якія прагнуць мысліць

Ці “павяліся” беларусы на ўніверсітэт, які нават не дае дыплома аб атрыманні нейкай прафесіі? Ці гатовыя людзі скончыць універ і нават “не памацаць” пасля гэтага ніякую паперыну?

Таццяна Вадалажская: “Няпраўда, што беларусы – матэрыяльныя людзі! Беларусам, як і ўсім еўрапейцам, не хапае развіцця, мыслення і магчымасці атрымаць шырокую адукацыю. Тое, што больш за 200 чалавек захацелі далучыцца да такой эфемернай і незразумелай, на першы погляд, справы – гэта адказ на тое, што беларусам таксама трэба нешта дзіўнае і нешта большае, чым толькі дыплом”.

Таццяна Вадалажская тлумачыць, што такое ўніверсум ведаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі