У Мінск едуць са Швейцарыі, Іспаніі і Амерыкі, каб вучыць рускую мову

110818 Sviardlou_Russion mova.mp3

Як даведалася Еўрарадыё, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт ладзіць курсы рускай мовы для замежнікаў. Каштуе такое задавальненне 250 долараў у месяц. На лета назбіралася 6 груп студэнтаў з Турцыі, Кітая, ЗША, Іспаніі, Швейцарыі, Шатландыі і іншых краін.

Шатландзец Дэвід скончыў Оксфард, а цяпер вывучае рускую мову ў Мінску. Хлопец кажа, што мова патрэбна яму для працы ва Усходняй Еўропе.

“Для мяне Беларусь — добрае месца, каб вывучаць рускую мову. Тут танней, чым у Маскве ці Санкт-Пецярбургу.

Мне прадаецца, што тут вельмі добрыя людзі, а месца вельмі чыстае. Мне цікавая мясцовая архітэктура, савецкі стыль”.

Праца і адукацыя Дэвіда звязана з палітыкай. Але каментаваць палітычную сітуацыю ў Беларусі ён не хоча, бо знаходзіцца тут толькі 3 тыдні і яшчэ не разабраўся, што да чаго.

А вось яго цёзка са Швейцарыі, які жыве ў Беларусі ўжо трэці месяц, кажа, што яму было цікава назіраць за "маўклівымі" акцыямі.

“Для мяне гэта нязвыкла. Але цікава, як людзі шукаюць новую форму для выражэння пратэсту і як на гэта рэагуе дзяржава. Я думаю, што для кожнай краіны трэба шукаць сваю форму пратэсту”.


У Швейцарыі Дэвід працуе праграмістам, а ў свабодны час выступае за каманду па рэгбі з Вінтэртура. Хлопец ужо паспеў наладзіць стасункі з мінскай камандай “Вепры” і нават трэніруецца з ёй раз на тыдзень.

Швейцарац кажа, што да праблемаў з валютай быў гатовы — чытаў у інтэрнэце. І дадае, што Швейцарыя… таксама мае праблемы з валютай.

“Наша валюта вельмі моцная. Гэта дрэнна для нашых экспарцёраў. Іншым краінам выгадней набываць не швейцарскія тавары. Для заводаў гэта дрэнна, а для жыхароў добра, бо наш долар больш моцны за, напрыклад, амерыканскі”.

Дэвід цікавіцца футболам і музыкай. З беларускіх гуртоў яму больш за ўсё падабаюцца “ТТ-34”, “Ляпіс Трубецкой”, “Серебряная свадьба”. Што тычыцца субкультураў, то Дэвід лічыць, што ў Беларусі яны больш сапраўдныя, чым у Швейцарыі.

“Тут субкультуры — гэта рэальныя субкультуры, бо тут ёсць адпаведная атмасфера на вуліцах. Тут цяжка правесці канцэрт ці выстаўку. Я чуў, што некаторыя гурты не ўпускалі ў Беларусь на мяжы. На мяжы ім кажуць: “Вы — тэрарысты!” ці нешта падобнае”.

Іспанец Алехандра пабыў у Мінску толькі адзін месяц. Дасканала вывучыць мову не паспеў, затое знайшоў сабе тут дзяўчыну. Хлопец нават усур’ёз задумваецца аб тым, каб ажаніцца з беларускай дзяўчыный. Але ёсць шмат складанасцяў, якія перашкаджаюць зрабіць гэта.

“Беларусь — самая далёкая краіна ад Іспаніі. Ёсць складанасці з візай. Але я спадзяюся, што атрымаецца нешта зымправізаваць. Буду старацца прыехаць у Беларусь адразу, як атрымаецца. Але калі ўсё будзе добра, то, можа, мы і ажэнімся. Чаму не?”


Іспанец кажа, што ён можа гуляць па Мінску ў любы час дня і ночы і ведаць, што нічога дрэннага з ім не здарыцца, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх гарадоў. На думку іспанца, Мінск — самы чысты горад у Еўропе.

А складанасці з валютай хлопца ніяк не здзівілі і не збянтэжылі: ведаў, куды ехаў.

Універсітэт

Кошт за месяц

МДЛУ (Мінск)

250 долараў

МДУ (Масква)

1070 долараў

СпбДУ (Санкт-Пецярбург)

560 долараў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі