Шоўмэн Вадзім Галыгін паехаў весяліць БАТЭ ў Мілан

За станоўчы настрой БАТЭ падчас гульні з “Міланам” будзе адказваць не хто-небудзь, а шоўмэн Вадзім Галыгін. Ганаровы папулярызатар суслікаў прыляцеў у Мілан на тым жа самалёце, што і футбалісты барысаўскага клуба. Па словах гендырэктара БАТЭ Міхаіла Дземянцэвіча, Вадзім Галыгін — даўні сябра каманды.

Міхаіл Дземянцэвіч: “Больш нікога з VIPаў з сабой не бралі. А Вадзім — ён жа наш, з Барысава. За БАТЭ “хварэе” ледзь не ад пачатку існавання клуба. Пад’язджаў на нашыя еўракубкавыя матчы ў 2008 годзе. Таму, калі ён гэтым разам звярнуўся да нас, мы не змаглі яму адмовіць”.

У трэніровачным працэсе Вадзім Галыгін удзельнічаць не будзе, а БАТЭ падтрымае выключна з трыбунаў. “Натуральна, у яго будзе магчымасць пабачыцца з хлопцамі”, — дадае Міхаіл Дземянцэвіч.

Гутарка з Вадзімам Галыгіным у жывым эфіры Еўрарадыё:

111019 GalyginS.mp3

 

Фота з аэрапорта: афіцыйны сайт БАТЭ.

Еўрарадыё: Мы сёння даведаліся з прэсы, што ты глядзеў апошнія матчы БАТЭ і цябе абурала, што футбалісты не спяваюць. Таму ты вырашыў купіць каманду і яе перавыхаваць, адвезці яе ў Мілан, у оперу Ла-Скала на прымусовы філарманічны канцэрт сёння ўвечары ну, і заадно, каб яны там згулялі з нейкімі мясцовымі. Праўда гэта?
Вадзім Галыгін: Так, мы якраз цяпер у оперы, ужо распеліся і спяваем асноўную партыю, ну а ўвечары з нейкімі мясцовымі адбудзецца матч. Прыйдзе там пару-тройку чалавек, а ўвогуле , як чакаецца, будзе недзе тысяч восемдзесят.
Еўрарадыё: Цяпер кажуць, што трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка можа сысці ў нацыянальную зборную. Каго можаш дакупіць у якасці трэнера да БАТЭ, і ці будзе ён спяваць разам з футбалістамі?
Вадзім Галыгін. А нікога не патрэбна. Нам Віці Ганчарэнкі больш чым дастаткова для БАТЭ. Так сапраўды, добры гумор – вельмі файная рэч, асабліва перад важнымі падзеямі, ён дапамагае рэлаксавацца. Мы знаходзімся ў Мілане, і насамрэч ні ў якай оперы мы зараз не сядзім. Сюды, у Мілан цяпер прыехала вялікая колькасць народу з Беларусі, ходзяць па вуліцах, падыходзяць, вітаюцца. Прыехала многа моладзі з Мінска, з Барысава, з Масквы таксама прыехалі людзі паглядзець, як БАТЭ будзе змагацца. Цікавая будзе гульня і мы хварэем за нашых.
Еўрарадыё: Хто там найлепей спявае, хто найвялікшыя гумарысты, з кім ты знайшоў агульную мову?
Вадзім Галыгін: Яны ўсе тут вясёлыя хлопцы, насамрэч. Віця Ганчарэнка сказаў, калі мы сядалі у самалёт, што Вадзік прыехаў тут набіраць новы склад, і калі будзеце кепска гуляць тут – паедзеце гуляць ў Маскву ў “Камедзі-Клаб”.
Еўрарадыё: Ну тады “Камедзі-Клаб”, натуральна, пераедзе ў Барысаў ...
Вадзім Галыгін: Чаму б не?
Еўрарадыё: Перад матчам з Барсай казалі, што БАТЭ так фатальна падышоў да яго, прайграўшы, яшчэ не выйшаўшы на поле...
Вадзім Галыгін: Гэта няпраўда, я адразу магу запярэчыць, што гэта няпраўда. Такая сітуацыя была ў той час ў “Барселоны”, што яна прыехала, маючы адно ачко ў запасе і была, як кажуць, на пад'ёме. І я лічу, любая іншая каманда свету, якая б тады сустрэлася з “Барсай”, прайграла б ёй. Бо “Барса” - гэта каманда, якая знаходзілася тады ў лепшай сваёй спартовай форме, на піку сваёй кар'еры. На сёння – гэта самы моцны клуб у свеце і гэта без усялякіх пытанняў. Таму не трэба гаварыць, што нашы хлопцы вышлі ужо загадзя дэмаралізаваныя, прыбітыя і загадзя ўжо прайгралі... Гэта футбол і каманды нават са значна большым вопытам і больш высокага ўзроўню прайгравалі з большым лікам. Не трэба шукаць якіх-небудзь зачэпак, каб падкалоць нашых футбалістаў. Я лічу, што БАТЭ і так запісаўся ў гісторыі вялікімі залатымі літарамі. Другі раз за чатыры гады выйсці ў Лігу чэмпіёнаў, прайсці гэты шлях чэмпіёнаў - гэта вам не фунт разынак. Няхай немцы задумваюцца, італьянцы, французы – тыя, хто не прайшоў. Гэта па-першае. Па-другое, магу сказаць, што ідзе наперад, развіваецца беларускі футбол. Цяпер трэба было б збудаваць, замест палацаў лядовых, больш дваровых пляцовак з варотамі і будзе ўсё класна. Я думаю, што гадоў праз дзесяць з футболам беларускім усё будзе добра так сама, як і з хакеем.
Еўрарадыё: А ты сам, Вадзім, гуляеш у футбол?
Вадзім Галыгін: Ну, так, гуляю... Гуляю пастаянна, бегаю кросы. Я б з ахвотаю пагуляў бы з БАТЭ. А так так, па-аматарску граю на месцы паўабаронцы. Але для мяне гэта толькі непрафесійны занятак, своеасаблівая забаўка, а для хлопцаў - прафесія, пэўны гонар. Апошняе, - гэта тое, што ўсіх нас зараз тут аб'ядноўвае. Мяне, напрыклад, таксама распірае ад гонару за мой родны горад, за мой клуб, за краіну. Таму цяпер і прыехала сюды столькі людзей з Беларусі. З Барысава, напрыклад, мне цяпер падказваюць, прыехала 400 чалавек. Вы ўяўляеце сабе? Таму я раю, каб было менш зласлівай крытыкі, маўляў, вось, выйдуць нашы хлопцы і будуць спрабаваць нешта там зрабіць. Няпраўда! Яны выйдуць на поле і прыкладуць ўсе свае здольнасці, зробяць усё, што ўмеюць. А крытыкам магу сказаць словамі з анекдота: “З такім настроем вы свайго слана не прадасцё”. Хварэем за нашых!!!



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі