У кіраўніцтве Еўрапейскага фонда падтрымкі дэмакратыі — прадстаўнік Польшчы

9 студзеня ў Бруселі прайшла сустрэча кіруючага Савета Еўрапейскага фонду падтрымкі дэмакратыі (EED). На ёй прысутнічалі Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі/віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Кэтрын Эштан, старшыня Камітэту замежных справаў Еўрапейскага парламента Эльмар Брок, камісар ЕС па пашырэнні і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле. Савет абмеркаваў стратэгічнае бачанне і мандат ЕЕD, ды прызначыў выканаўчага дырэктара.

Адкрываючы сустрэчу, Кэтрын Эштан заявіла: "Галоўная ідэя, якая ляжыць у аснове стварэння Фонда, — гэта прыхільнасць Еўропы да развіцця дэмакратыі. Фонд не толькі дапаможа людзям, якія імкнуцца да свабоды і стаяць на чале дэмакратычных перамен у свеце; стварэнне гэтага Фонда ляжыць у нашых, еўрапейскіх інтарэсах. Фонд створаны вельмі своечасова: 2013 год будзе крытычным для пераходу для дэмакратыі, асабліва ў краінах-суседзях ЕС. Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі можа адыграць у гэтым вельмі важную ролю. Фонд будзе працаваць наўпрост з тымі, хто знаходзіцца на месцах, з тымі, хто змагаецца за дэмакратыю; прапаноўваючы болей гнуткія, менш бюракратычныя і болей адаптаваныя да патрэбаў на месцах працэдуры".

Штэфан Фюле, камісар па пашырэнні і Еўрапейскай палітыцы суседства, заявіў: "Я вельмі рады, што Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі становіцца рэальнасцю. Гэта нашыя агульныя высілкі, скіраваныя на падтрымку дэмакратызацыі і мірных сілаў, якія працуюць на дэмакратычныя перамены, падтрымліваючы іх прыхільнікаў у нашым суседстве, тых, хто мае перашкоды ў доступе да фінанснавання з Еўрапейскага Саюза. Гэтая новая ініцыятыва — наш мэсадж салідарнасці народам краін-суседзяў, які запэўнівае іх, што іхнія дэмакратычныя імкненні і іхняя барацьба за правы чалавека будуць пачутыя і падтрыманыя Еўрапейскім саюзам. Еўрапейскі Саюз таксама можа падзяліцца сваім досведам і ноў-хаў  у барацьбе з праблемамі, якія з'яўляюцца пры пераходзе ад аўтарытарызма да дэмакратыі".

Даведка Еўрарадыё:

EED — сумесны палітычны праект Еўрасаюза і ягоных краінаў-сябраў. Палітычнае рашэнне пра яго стварэнне было прынятае ў траўні 2011 года, а пасля зацверджанае рашэннямі Савета ЕС па замежных справах у чэрвені і снежні 2011-га. Пасля дасягнення згоды з боку ўсіх краінаў-сябраў, Еўрапарламента і камісіі/знешняй дыпламатычнай службы ЕС, у кастрычніку 2012 года быў створаны EED — як прыватны фонд пад юрысдыкцыяй Бельгіі, які мае ўласны статут і кіруючыя органы.

Галоўнай мэтай Фонду з'яўляецца выдача прамых грантаў дэмакратычным актывістам і/ці арганізацыям, якія змагаюцца за дэмакратычныя перамены ў Еўрапейскім суседстве і па-за ягонымі межамі, выкарыстоўваючы адмысловыя гнуткія працэдуры. EED можа працаваць і з дапамогай еўрапейскіх арганізацый грамадзянскай супольнасці (напрыклад, палітычных фондаў).

Першая сустрэча Савета EED адбылася 13 лістапада летась у Бруселі. У Савет уходзяць 9 сябраў Еўрапарламента, ягоным старшынём з'яўляецца Эльмар Брок. У снежні EED падпісаў умову на грант ад Еўрапейскай камісіі ў памеры 6,2 млн еўра. У дадатак, некалькі асобных стран-краінаў ЕС і Швейцарыя паабяцалі выдзяліць на дзейнасць Фонда яшчэ 8 млн еўра. Такім чынам, пачатковы бюджэт EED будзе памерам у 14 мільёнаў.


Штаб-кватэра EED будзе знаходзіцца ў Бруселі. Цяпер EED знаходзіцца ў стадыі фармавання асноўных структур і набору персанала. Фонд пачне дзейнасць у першай палове 2013 года.

Фота — РАР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі