Прадаўцы бюсту Лукашэнкі: Везці яго страшна без браніраванай машыны

Незвычайны сувенір прадае адна з украінскіх інтэрнэт-крам. Статуэтка са срэбра 925-й пробы важыць 290 грамаў. Яе яшчэ пару гадоў таму зрабіў украінскі вытворца ўпрыгожанняў са срэбра "Кавалік", які апроч бюсту Лукашэнкі прапануе статуэткі Пуціна, Януковіча, а таксама розных вядомых персанажаў і літаратурных герояў.  На сайце крамы пішуць, што бюст робіцца са срэбра з пазалотай. Набыць яе прапануюць патрыётам Рэспублікі Беларусь і прыхільнікам Лукашэнкі. Таксама адзначаецца, што гэта цудоўны падарунак сябру-палітыку.

Кіеўскія ювеліры адзначаюць, што выраб такой статуэткі зойме 2-4 тыдні. Дастаўку абцаюць за 2-3 дні.

Што праўда, падабенства фігуркі да Аляксандра Лукашэнкі даволі ўмоўнае.

Еўрарадыё: Ці можна замовіць у вас срэбраны бюст Лукашэнкі?

“Тры караты”: Так. А вам дастаўка куды трэба?

Еўрарадыё: У Беларусь, у Мінск.

“Тры караты”: Мы можам даставіць вам толькі да мяжы з Украінай. Калі нехта можа пераехаць мяжу і забраць, то, напрыклад, Чарнігаўская вобласць. Забярэ, разлічыцца — вось толькі так. Справа ў тым, што перасылаць каштоўныя металы мы не можам праз украінскую мяжу. Мы можам у Маскву даставіць камусьці, бо туды ў нас ёсць дастаўка. Або дасылаем цягніком, але гэта вялікая рызыка.

Еўрарадыё: Ці шмат замоваў было на гэтую статуэтку?

“Тры караты”: Адзін раз яе замаўлялі. Сам вытворца рабіў на выставу бюсты вядомых людзей. Наколькі мне вядома, гэта не была замова для нейкай пэўнай асобы. Вырабляліся бюсты Тараса Шаўчэнкі, быў Юшчанка, Юлія Ўладзіміраўна [Цімашэнка] была наша, быў Януковіч і г. д. Здаецца, нават былі бюсты Кучмы, Пуціна, але гэта не азначае, што гэтыя бюсты для Пуціна ці для Лукашэнкі замаўляліся. Гэта прыклады таго, што можа рабіць вытворца. Вытворца можа рабіць усё шыкоўна.

Еўрарадыё: На сайце напісана, што выраб на працягу 2-4 тыдняў. Гатовых статуэтак у вас няма на складзе?

“Тры караты”: Не. Я павінна запытаць у прадпрыемства, бо гэты бюсты на складзе не захоўваюцца, яны захоўваюцца на прадпрыемстве, якое робіць.

Еўрарадыё: Напісана, што зроблена са срэбра з пазалотай, а ці можна замовіць цалкам з золата?

“Тры караты”: Можна. Можна замовіць і з золата, але вы сабе можаце ўявіць, што гэта будзе важыць недзе кілаграм. Калі вы да гэтага маральна гатовыя, то, калі ласка.

Еўрарадыё: А колькі можа каштаваць такі залаты бюст?

“Тры караты”: 46 долараў за грам.

Еўрарадыё: Прыкладна 45 тысяч долараў?

“Тры караты”: Так. Везці яго страшна. Трэба браніраваную машыну мець.

Еўрарадыё: Як хутка такі бюст можа быць зроблены?

“Тры караты”: За месяц-паўтара могуць зрабіць.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі