У Гродне ажно тры беларускамоўныя першакласнікі

Два вучні пайшлі ў беларускі клас, а для аднаго хлопчыка арганізуюць індывідуальныя заняткі.

Аўтар: Еўрарадыё 01.09.2011 11:16

1 верасня два вучні пайшлі ў беларускі клас у 34-й школе, а для адзінага ў 32-й школе беларускамоўнага першакласніка Янкі Астроўскага чытанне, пісьмо і матэматыку будуць выкладаць індывідуальна. Гэткім чынам год таму першы клас скончыла сястра Янкі Святлана Астроўская.

У Дзень ведаў Еўрарадыё наведала сям’ю прафесара Алеся Астроўскага.

Сёння Астроўскія на святочную лінейку ў школу пайшлі ў поўным складзе. Пасля мінулагодняга канфлікту з-за мовы навучання старэйшай дачкі Светы, Алесь з жонкай Аксанай праігнаравалі Дзень ведаў. Пазіцыя сям’і — вучыць дзяцей толькі па-беларуску — аказалася вельмі прынцыповай. Тады адміністрацыя школы пайшла на саступкі: спецыяльна для Святланы арганізавалі асобнае навучанне.

“Умовы значна лепшыя, чым у тым класе. Больш нагадваюць рэпетытарства. Канешне, якасць адукацыі будзе лепшай. Так што атрымалася, што па гэтым параметры мы не толькі не ў пройгрышы, але ў значным выйгрышы. Некаторыя мне кажуць: “Вой, якія вы хітрыя! Вы сабе такое навучанне…”. Дык я кажу: “Далучайцеся, калі ласка!”  — адводзяць вочы і адыходзяць думаць. Да гэтай пары Святлана адна застаецца”, — жартуючы кажа Алесь Астроўскі.

Пакуль аднакласнікі Святланы вучыліся чытаць па-руску, яна займалася беларускім пісьмом. Руская мова ў яе займала ўсяго толькі гадзіну на тыдзень. Па матэматыцы і прадмеце “Чалавек і свет” у Светы таксама быў асобны настаўнік. Сам-насам за ўрок яны паспявалі не толькі прайсці неабходную праграму, але і абмеркаваць шмат дадатковых пытанняў. На фізкультуру і спевы дзяўчынка хадзіла разам з усім класам. Апрача гэтага Света наведвае гурткі па рытміцы і маляванні і нават удзельнічае ў школьных канцэртах ды выставах. Цяпер такую праграму 1-га класа пройдзе яе брат Янка.

Для ягоных бацькоў гэта найлепшы варыянт вырашэння моўнай праблемы. Паводле звестак Таварыства беларускай мовы, сёлета ў розныя школы горада падалі не больш за 15 заяваў на навучанне дзяцей на роднай мове. У 34-й школе Кастрычніцкага раёна для дваіх жадаючых вучыцца па-беларуску зрабілі свой клас. У 32-ю школу Ленінскага раёна ў беларускамоўны клас бацькі падалі толькі адну заяву, якая і належала Аксане і Алесю Астроўскім.

Прынамсі, тры маленькія гродзенцы да канца пачатковай школы атрымаюць адукацыю па-беларуску. Да іх могуць далучыцца астатнія жадаючыя вучыцца на роднай мове. Астроўскія рады і такому выніку свайго настойлівага змагання за беларускую адукацыю і раяць іншым бацькам быць больш упартымі і рашучымі.

“Калі зазіраеш у сваю душу, дык разумееш: вось так правільна. Калі адкідваеш усе страхі, якія прымушаюць рабіць цябе не так, як ты думаеш, як адчуваеш сэрцам, калі ўсё гэта адкінуць — атрымліваецца так правільна. І калі гэта робіш, з аднаго боку, страшна, а з другога — настолькі на душы добра”, — кажа Аксана Астроўская.

“Адчуваеш, што ты годны паўнавартасны чалавек”, — дадае Алесь Астроўскі.

Нагадаем, год таму Алеся і Аксану Астроўскіх абвінавацілі ў парушэнні грамадскага парадку, калі тыя выйшлі на пікет да гарвыканкама з патрабаваннем адкрыць беларускі клас. У працэсе разгляду адміністрацыйнай справы суд вяртаў яе матэрыялы ў міліцыю, затым мяняліся суддзі. Урэшце выйшаў час, на працягу якога можна пакараць за адміністрацыйнае правапарушэнне.


Каментары

Што думаеш? Выкажы сваё меркаванне

На сайце не адлюстроўваецца.
To prevent automated spam submissions leave this field empty.
Стужка навінаў:

У гэты дзень па ўсім свеце праводзяцца акцыі па абароне правоў чалавека, супраць гвалту ў дачыненні людзей з іншай сэксуальнай арыентацыяй.

Яго сябры збіраліся сабрацца ў бліжэйшыя выхадныя на адной з базаў адпачынку пад Мінскам.

Мужчына быў у стане алкагольнага ап'янення.

Аб'яўлены склад новага ўраду, сфармаваны прэзідэнтам Франсуа Аландам.

Кіраўнікі сельгасарганізацый будуць паведамляць загадчыкам мясцовых крамаў пра дні выплаты заробкаў сваім працаўнікам.

Першая ракетка свету не згуляе ў 1/8 фінала прэстыжнага турніра з прызавым фондам больш за 2 млн долараў.

Прэм'еру песні паказаў расійскі тэлеканал "Дождь".

Пра гэта сёння піша расійскае выданне "Коммерсантъ".

Мінэканомікі павысіла гранічныя адпускныя цэны.

Канада будзе гуляць са Славакіяй, ЗША — з Фінляндыяй.