У Гомелі адкрыўся сезон паркуру (фота)

Больш за сотню маладзёнаў сабраліся 29 красавіка ў Гомелі на адкрыццё сёлетняга паркур-сезона. Акрамя гамельчукоў у абласны цэнтр завіталі паркуршчыкі з Рэчыцы, Магілёва, Мінску, Віцебску. Ёсць нават адзін удзельнік са Смаленску, што надае мерапрыемству міжнародны статус.

Вулічныя спартоўцы плануюць правесці паказальныя выступы па паркуру, фрырану, турніках, трыкінгу, акрастрыту ды інш.

Як паведаміў Еўрарадыё адзін з арганізатараў мерапрыемства Аляксей Талалаеў, нарэшце здзейснілася мара ўсіх гомельскіх паркуршчыкаў: за доўгі час існавання паркуру ў нашай краіне ўпершыню распачаць яго сезон удалося ў Гомелі.

120430 AndreyS.mp3

Еўрарадыё: Ці шмат паркуршчыкаў прыехала на адкрыццё?

Андрэй: Першы дзень было каля 100 чалавек. Цяпер засталося каля 50, што прыехалі. Ну, і шмат гомельцаў.

Еўрарадыё: А чаму такую сходку зладзілі менавіта ў Гомелі? 

Андрэй: Гэтае мерапрыемства ладзіцца штогод, пачынаючы  з 2006-га года. Мы паспелі пабываць ва ўсіх абласных цэнтрах, апроч Гомеля. Таму сёлета вырашылі зладзіць імпрэзу менавіта тут. 

Еўрарадыё: А дзе трэніруюцца паркуршчыкі? Ці яны наогул трэніруюцца?

Андрэй: У нас няма спаборніцтваў. Кожны раз, калі мы збіраемся, мы трэніруемся. 

Еўрарадыё: А як рэагуюць людзі навокал? 

Андрэй: Усяляк. Некаторыя кажуць, што зараз мы нешта сабе зламаем. Пенсіянеры любяць казаць сваю папулярную фразу: “Мамкам гора будзе”. Кажуць, што нам проста няма работы — дык мы трэніруемся. 

Еўрарадыё: Ці падтрымліваюць вас нейкія дзяржаўныя або прыватныя арганізацыі?

Андрэй: Не, ніякай падтрымкі ад дзяржавы мы не атрымліваем. Можа, нам гэта і не трэба. Хаця добра было б, каб хтосьці дапамагаў нам з жытлом. Мы цяпер здымалі катэдж самі. Яшчэ нам не хапае пляцовак трэніравацца. 

Еўрарадыё: А што трэба, каб пачаць займацца паркурам?

Андрэй: Можна з намі звязацца праз наш сайт. Мы з задавальненнем паклічам усіх з намі трэніравацца, пакажам, раскажам усё. Дапаможам, як можам. А больш нічога і не трэба — адно спартовыя штаны ды красоўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі