У галоўнага абвінавачанага ў выбуху ў метро ператрус быў яшчэ 6 гадоў таму

110824 Rugain Vitebsk.mp3

Пасля сустрэчы з маці абвінавачанага ў выбухах у Мінску і Віцебску Улада Кавалёва, я дамовіўся сустрэцца ў цэнтры горада насупраць помніку Пушкіну з сястрой Таццянай і сябрам Сяргеем. З іх расповедаў я даведаўся шмат цікавага. Напрыклад, што ў галоўнага абвінавачанага Дзмітрыя Канавалава быў ператрус яшчэ 6 гадоў таму, а на суд паедзе каля 40 сведак з Віцебска.


Сяргей пазнаёміўся з Уладзіславам Кавалёвым у 2000 годзе, акурат калі пачаліся першыя выбухі ў Віцебску, але пра іх ён нічога не ведаў раней. Улад і Дзмітрый Канавалаў, паводле слоў Сяргея, лепшымі сябрамі не былі. Пасля выбуху ў Віцебску ў 2005 годзе, прагульваючыся па горадзе, яны сустрэлі Канавалава.


"Мы з Уладам сустрэліся з Канавалавым пасярэдзіне дарогі літаральна. Ён кажа: "У мяне ператрус нечага быў, усе плінтусы паадрывалі", — распавядае Сяргей.


Тады ў 2005 годзе ператрусы праводзілі ва ўсіх гадзінных майстроў, кім і працуе бацька Канавалава. Ператрус у галоўнага абвінавачанага па справе быў яшчэ тады, у 2005 годзе!


У той дзень, калі выбухнула ў Віцебску, па словах сяброў, яны з Уладам Кавалёвым былі разам, што гатовыя пацвердзіць. Калі ж здарыўся выбух у Мінску на 3 ліпеня 2008, Улад увогуле быў у Віцебску.


"Дапамагалі мэблю цягаць у адзін з дзён. А 3 ліпеня ён дакладна быў у Віцебску. Гэта 100 працэнтаў", — гаворыць сястра Таццяна.


У сакавіку перад тэрактам у метро Улад прыязджаў у Віцебск (выбух адбыўся 11 красавіка). Распавядае Еўрарадыё Таццяна:


"Ён прыязджаў у сакавіку да мяне на працу. Пабыў дома, зайшоў да сябра і ў нядзелю паехаў назад у Мінск. Але з Канавалавым у той дзень не бачыўся".


Таццяна кажа, што апошнім часам з Канавалавым Уладзіслаў Кавалёў не кантактаваў, нават не даў таму свой новы нумар. Дык якім жа чынам яны апынуліся разам у Мінску пасля тэракта?


"У яго была новая сімка. Яе ён вырашыў выкарыстоўваць для інтэрнэту, таму вырашыў узяць старую, на якую яму і патэлефанаваў Канавалаў", — мяркуе Таццяна.


Сяргей лічыць, што Канавалаў проста прыехаў у Мінск і паклікаў Кавалёва ў госці да дзяўчыны, з якой пазнаёміўся ў інтэрнэце, — тады іх і затрымалі.


"Я ўвогуле бачу гэтую іх сустрэчу ў Мінску так: Улад там жыве і працуе. Прыязджае Міця. Ну, як Улад можа адмовіць у сустрэчы са знаёмым, які прыехаў у незнаёмы горад? Ну, як не пасядзець і не выпіць піва?"


Сяргея выклікалі ўжо праз 4 дні пасля тэракту, у пятніцу. Спачатку ў КДБ на размову, потым ужо ў пракуратуру на допыт. Следчых цікавіла мінулае Улада Кавалёва.


"У КДБ гутарылі, як мы з вамі зараз. Яны шукалі негатыў. Да яго прычапіліся з-за музыкі, да таго, што насіў страшэнныя цішоткі і берцы. Стваралі партрэт такога садыста. А як у 16 год будзе выглядаць аматар цяжкай музыкі?"


Увогуле Сяргея на допыт выклікалі выпадкова. Выклікалі ўсіх, хто хоць раз тэлефанаваў Уладу Кавалёву на мабільны.


"Вядомыя факты, якія выкрываюць усю іх злачынную дзейнасць, і тут жа правяраюць кожнае тэлефанаванне. Тут, у гэтым дакуменце, не названыя канкрэтныя асобы, якія прадалі яму гэты траціл ці што там... Калі выбухі ў Віцебску былі, у той жа бібліятэцы дзень не ўказаны", — гаворыць Сяргей.


І ўвогуле віцебскія злачынствы "ўсплылі" даволі позна, недзе да ліпеня. Але, як стала вядома сваякам, з Віцебска на суд у Мінск не паклікалі нікога, хто выказваўся станоўча пра Улада. Гэта адзначыла сястра Таццяна.


"Мы ведаем, што на суд з Віцебска паедзе каля 40 чалавек. У гэтыя 40 чалавек не ўваходжу ні я, ні сябры Уладзіка, таму што калі іх дапытвалі, яны казалі добрае, і гэта нават не ўносілі ў пратакол, — распавядае сястра Кавалёва Таццяна. — Следчы да нас добра ставіўся, казаў, вы тэлефануйце, усё добра. Вось адзіная фраза ў яго была да маёй маці: "У вас ёсць дачка, сям'я, забудзьцеся пра Улада, займайцеся сваёй сям'ёй".


Чаму Уладзіслава Кавалёва абвінавачваюць у саўдзеле? Для сяброў і сям'і адказ відавочны: каб былі групавыя дзеянні.


У працягу тэмы чытайце на Еўрарадыё таямнічую гісторыю пра дамкрат, з дапамогай якога зрабілі выбухоўку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі